На выставе прадстаўлены фотаздымкі, дакументы, асабістыя рэчы ўдзельнікаў партызанскай брыгады імя М.Ф. Гастэлы з фондаў Ашмянскага краязнаўчага музея імя Францішка Багушэвіча. Дапоўнілі выставу матэрыялы краязнаўца з Пастаў, былога дырэктара Пастаўскага раённага краязнаўчага музея Аляксандра Кузняцова.
У гады Вялікай Айчыннай вайны Ашмянскі раён кантралявалі шэраг партызанскіх брыгад, сярод якіх «ашмянскай» лічылася менавіта брыгада імя Гастэлы.
Брыгада вырасла з невялікага атрада, першым месцам дыслакацыі якога сталі Шаркаўшчынскі і Дунілавічскі (зараз Пастаўскі) раёны.
У снежні 1943 года брыгада перадыслацыравалася ў Смаргонскі і Ашмянскі раёны. За перыяд дзейнасці брыгады партызаны-гастэлаўцы разграмілі 3 варожыя гарнізоны, вывелі са строю 237 кіламетраў дарог, знішчылі 900 нямецкіх салдат і паліцаяў, захапілі ў палон 78 чалавек.
У ліпені 1944 года ўлада ў Ашмянскім раёне знаходзілася ў руках ужо былых партызан. Многія з іх засталіся жыць у Ашмянах.Наш музей валодае багатай калекцыяй рэчаў і дакументаў партызан-гастэлаўцаў.
Прыходзьце на выставу і ўпэўнецеся самі!

Старонка музея ў сацыяльнай сетцы Instagram @oszmiana_museum