Запаліць духоўны агонь. У Ашмянах прайшло мерапрыемства, прысвечанае рэлігійнаму турызму

Новости

Студзень у нашай краіне аб’яўлены месяцам рэлігійнага турызму. На працягу чатырох тыдняў праходзяць мерапрыемствы, накіраваныя на азнаямленне з багатай духоўнай і культурнай спадчынай. Беларусь мае шматвекавую гісторыю і багатыя рэлігійныя традыцыі. Тут мірна суіснуюць розныя канфесіі, узбагачаючы нашу культурную спадчыну.

З мэтай азнаямлення ашмянцаў з рэлігійнымі набыткамі рэгіёна ў цэнтры рамёстваў і традыцыйнай культуры прайшло адмысловае мерапрыемства, прысвечанае рэлігійнаму турызму. Вядучая мерапрыемтва, Тарэса Кошань, пазнаёміла прысутных з паняццем “рэлігійны турызм”. Яна расказала, што гэта асаблівы від падарожжаў, які выходзіць за межы звычайнага адпачынку. Ён звязаны з духоўнымі пошукамі, вандроўкай да святых мясцін, вывучэннем рэлігійных традыцый і культурнай спадчыны. Гэтае падарожжа можа быць выклікана як асабістымі перакананнямі, жаданнем умацаваць веру, ушанаваць памяць святых, так і проста дакрануцца да гісторыі і культуры розных рэлігій.

Былі прыгаданы культавыя архітэктурныя аб’екты, унесеныя ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА: Спаса-Праабражэнская царква і Сафійскі сабор у Полацку, Каложская царква ў Гродне, касцёл святога Іаана Хрысціцеля ў Камаях, царква святога Міхаіла ў вёсцы Сынкавічы. Гэтыя і многія іншыя аб’екты карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў турыстаў.

На Ашмяншчыне таксама ёсць цэрквы і касцёлы з багатай гісторыяй і адметным архітэктурным стылем. Асаблівая ўвага была звернута на касцёл у Барунах, да якога сцякаюцца шматлікія турысты і пілігрымы з розных куткоў нашай краіны. Абраз Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных здаўна з’яўляецца цэнтрам прыцягнення для людзей рознага ўзросту і сацыяльнага статусу. Цікавым для турыстаў з’яўляецца і касцёл Пятра і Паўла ў Жупранах. Імя Францішка Багушэвіча непарыўным чынам звязана з гэтай прыгожай неагатычнай пабудовай. Побач знаходзіцца яго магіла, а ўнутры касцёла – шыльда, прысвечаная творцу слова. Не менш цікавая і царква Святога Георгія ў аграгарадку Гальшаны, пабудаваная ў 1901 годзе. Тут знаходзіцца частка мошчаў святой Юліяніі Гальшанскай – святой, дачкі князя Георгія, якая памерла ва ўзросце шаснаццаці год.

Многія факты пра культавыя пабудовы нашага раёна аказаліся новымі і зацікавілі слухачоў. Яркім момантам мерапрыемства сталі паэтычныя хвілінкі. Ашмянскія паэты Тарэса Адашкевіч і Яўген Куст прачыталі вершы, у якіх перадалі сваё захапленне родным краем, яго багатай спадчынай. Далей гасцям было прапанавана паўдзельнічаць у інтэлектуальнай гульні, прадэманстраваць свае веды ў галіне рэлігіі і духоўнасці. Пытанні датычыліся беларускай сакральнай архітэктуры, богаслужбовай літаратуры, жыцця святых. Удзельнікі  прадэманстравалі грунтоўныя веды і справіліся з усімі заданнямі. Пасля заканчэння ўдзельнікам гульні былі ўручаны  памятныя падарункі ад турыстычнага інфармацыйнага цэнтра.

Рэлігійны турызм узбагачае асобу, дазваляе дакрануцца да святынь, гарманізуе рэлігійныя адносіны і падтрымлівае веру. Мерапрыемства матывавала на новыя падарожжы, наведванне не толькі вядомых храмаў, але і малавядомых святыняў.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота аўтара.

 

 

Поделиться...
Share on Facebook
Facebook
Pin on Pinterest
Pinterest
Tweet about this on Twitter
Twitter
Share on LinkedIn
Linkedin

Добавить комментарий