У Ашмянскім краязнаўчым музеі адкрылася новая выстава

Новости

У Ашмянскім краязнаўчым музеі імя Францішка Багушэвіча адкрылася чарговая пастаянна дзеючая выстава: супрацоўнікі ўстановы падрыхтавалі раздзел экспазіцыі “Ашмяншчына канца XX – пачатку XXI стагоддзя”.

Дырэктар музея Настасся Навіцкая, звяртаючыся да наведвальнікаў падчас урачыстага адкрыцця выставы, назвала праведзеную супрацоўнікамі музея работу спробай зрабіць агляд дасягненняў нашага краю на працягу апошніх трох дзесяцігоддзяў.

-Прадстаўленая экспазіцыя адрозніваецца ад іншых раздзелаў найперш тым, што яна сучасная. Гэта жывы арганізм, – падкрэсліла Настасся Васільеўна. – Гісторыя нашага горада і раёна пішацца і сёння – кожную гадзіну і кожную хвіліну. А якой яна будзе, залежыць ад кожнага з нас.

Аснову экспазіцыі складаюць фотаматэрыялы, па якіх можна прасачыць, як расце і развіваецца наш райцэнтр, чым жывуць нашы аграгарадкі, якіх рэзультатаў за гэты адрэзак часу дасягнулі ўсе галіны народнай гаспадаркі Ашмяншчыны. Прадстаўленыя матэрыялы сведчаць аб тым, што нам ёсць чым ганарыцца. Прадукцыю мясакамбіната, сыраробнага завода, крухмальнага і дражджавога, ААТ “Белкава”, ААТ “Радыётэхніка” добра ведаюць не толькі жыхары нашага рэгіёна, але і ўсёй Беларусі, а таксама іншых краін, куды яна пастаўляецца. Яна вызначаецца высокай якасцю і з’яўляецца дастойным канкурэнтам на сучасным рынку.

Аб тым, як развіваецца наш горад і раён, сведчаць аб’екты будаўніцтва. За апошнія дзесяцігоддзі ў райцэнтры выраслі два сучасныя мікрараёны, пабудаваны дзіцячы садок, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, спартыўныя пляцоўкі і стадыёны, гандлёвыя цэнтры, адміністрацыйныя будынкі, аб’екты прыдарожнага сэрвісу, змянілі свой выгляд гарадскія вуліцы і фасады будынкаў.

У XXI стагоддзі ў нашу лексіку ўвайшло слова “аграгарадок”, за якім стаяць значныя пазітыўныя змены ў жыцці жыхароў сельскай мясцовасці. Па словах Настассі Навіцкай, менавіта ў вёсках захоўваецца душа Ашмяншчыны, а разам з ёй і багаты пласт культурнай спадчыны нашага краю.

Удала ўпляліся ў канву мерапрыемства песні, выкананыя супрацоўніцай музея Марынай Горыд. У гэты дзень кожны наведвальнік выставы атрымаў сувенір – магніт з выявай аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Ашмянскага раёна.

Вітаючы ўдзельнікаў выставы, галоўны інспектар сектара культуры райвыканкама Валянціна Александровіч адзначыла, што ў Год міру і стваральнай працы выстава стала дастойны вынікам работы ўсіх працоўных калектываў Ашмянскага раёна. У нашым краі жывуць працавітыя, таленавітыя, творчыя і адданыя роднай зямлі людзі. Ашмяншчына развіваецца і ўпэўнена крочыць у будучыню. А гэта значыць, што экспазіцыя будзе дапаўняцца новымі матэрыяламі, новымі раздзеламі і прадметамі.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.

Поделиться...
Share on Facebook
Facebook
Pin on Pinterest
Pinterest
Tweet about this on Twitter
Twitter
Share on LinkedIn
Linkedin

Добавить комментарий