Наталля Шымановіч — прадаўжальніца беларускіх традыцый

Новости

Ручнiк – адзiн з найбольш цiкавых феноменаў традыцыйнай культуры беларусаў. Ён суправаджаў чалавека на працягу ўсяго жыцця. Штодзённа, змываючы сон, чалавек «лашчыў» твар ручнiком-уцiральнікам. Падчас малітвы сям’я скіроўвала погляд на абраз, які вісеў у чырвоным куце ў абрамленнi ручнiкоў. Збiраўся чалавек у дарогу цi ў госцi, абавязкова браў яго з сабой, з iм жа перад хатаю сустракаў дарагiх гасцей. На тонкi, мяккi кавалак палатна бабка-павiтуха прымала народжанае дзiця. З ручнiком iшлi сватацца. Самую дарагую сямейную святыню – iкону, дазвалялася выносiць з дому толькi прыкрыўшы ручнiком.

Гэты сімвал жыццёвага шляху – верны спадарожнiк бібліятэкара Навасёлкаўскай бібліятэкі Наталлі Шымановіч. Хаця з’явіўся ён у жыцці жанчыны не адразу. Для гараднічанкі Наталлі напачатку беларускія традыцыі былі нечым далёкім і незразумелым: маці паходзіла з Расіі, бацьку не было часу звяртаць увагу на традыцыйную спадчыну продкаў. Усё, што памятае з дзяцінства Наталля, дык гэта вязанае бабуляй адзенне. Але хто ж тады, падчас павальнага дэфіцыту, не вязаў!

Знаёмства з дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам беларусаў пачалося для Наталлі Фёдараўны праз працу. Пасля заканчэння Гродзенскага культпрасветвучылішча па размеркаванні малады спецыяліст трапіла на Ашмяншчыну – мастацкім кіраўніком ў Навасёлкаўскі сельскі клуб. Тут на танцах яна пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Маладой сям’і мясцовая гаспадарка выдзеліла трохпакаёвую кватэру – важкая падстава для замацавання кадраў на вёсцы. Можа, каб не жыллё, Наталля вярнулася б на сваю Радзіму – у Гродна, і сям’ю сваю перацягнула. Але абжыты кут, дзе з часам нарадзіліся дзве дачушкі, дзе была праца, і ўсё было простым і знаёмым, пакідаць не захацелася.

Праца ў культуры, спачатку спецыялістам, а пасля кіраўніком клубнай установы, падштурхоўвала да знаёмства з гісторыяй мястэчка і вымагала ведання беларускіх каранёў.

Першае знаёмства з дэкаратыўна-прыкладной творчасцю адбылося падчас метадычнага аб’яднання работнікаў культуры раёна, пасля чаго былі курсы павышэння кваліфікацыі ў Гродне пры абласным метадычным цэнтры народнай творчасці, дзе Наталля Фёдараўна пасцігла тонкасці саломапляцення, вышывання гладдзю і крыжыкам, пляцення паясоў і стварэння габеленаў. На адным з заняткаў яна пачула пра беларускі арнамент і ручнікі – іх прызначэнне і ролю ў жыцці чалавека.

Набытыя на курсах веды Наталля Фёдараўна адразу ж узялася ажыццяўляць на практыцы. На дапамогу прыйшлі кнігі і часопісы, а таксама калегі, якія сталі аднадумцамі і рухавікамі ў гэтым цікавым і захапляльным майстэрстве.

— Першыя ручнікі атрымаліся не вельмі акуратнымі на адваротным баку. Не было таксама дастаткова ведаў аб тым, якія лепш выкарыстаць ніткі, але хацелася паспрабаваць усё, — адзначае майстрыха. – Часта сядзела за працай начамі. У залежнасці ад узору справа гэта можа забраць і месяц, і нават паўгода.

На вяселле дочкам Наталля Фёдараўна вышывала ручнікі ўласнымі рукамі, дэтальна вывучаючы значэнне ўзораў, у які нашы продкі ўкладвалі глыбокі змест. Тады настольнымі кнігамі жанчыны сталі праца прафесара Міхаіла Кацара “Беларускі арнамент. Ткацтва. Вышыўка” і альбом Вольгі Лабачэўскай “Повязь часу – беларускі ручнік”. Гэтыя кнігі, дарэчы, і сёння майстрыха лічыць асноўнымі ў вывучэнні духоўнай спадчыны беларускага народа.

Калісьці з імі Наталля Шымановіч пазнаёмілася ў цэнтральнай раённай бібліятэцы. Сёння такія кнігі ёсць і ў бібліятэцы Навасёлак, дзе Наталля Фёдараўна чацвёрты год як гаспадыня. Але, на жаль, цікасці гэта тэма ў сённяшняга пакалення беларусаў не выклікае.

У 2017 годзе, да юбілею беларускага кнігадрукавання, бібліятэкар вышыла кнігу Анатоля Клышкі “Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга” і стала ўдзельніцай абласнога творчага конкурсу. Тая праца вымагала шмат часу, аднак успаміны аб ёй і сёння саграваюць душу.

Работы Наталлі Шымановіч, а гэта вышываныя ручнікі – па канве і на льняным палатне, — карціны, сурвэткі, абрусы, вязаныя рэчы, паясы часта ўпрыгожваюць выставы на раённых святах. Майстрыха спрабуе перанесці беларускі арнамент і на ёлачныя цацкі, якія часта заказваюць унукі – іх у бабулі ажно пяцёра.

Свае ўменні жанчына не супраць перадаць дочкам – Надзеі і Таццяне. Надзея працуе ў Ашмянах у дзіцячым садку выхавальнікам і часта знаходзіць прымяненне сваім мастацкім здольнасцям, якія атрымала калісьці ад маці.

— Сённяшнее пакаленне не вельмі цікавіцца спадчынай нашых продкаў, — са шкадаваннем зазначае Наталля Фёдараўна, — аднак яно неабыякавае да дэкаратыўна-прыкладной творчасці ўвогуле. Пры нашай бібліятэцы створана аматарскае дзіцячае аб’яднанне “Рукадзельніца”. Дзецям гэта падабаецца, аднак ім хочацца атрымаць хуткі рэзультат – яны не гатовы вышываць нейкую рэч месяцамі. Таму прыходзіцца разбаўляць заняткі сучаснымі відамі творчасці.

Цяга да родных каранёў прыходзіць да нас з гадамі. Мы выбіраем са скарбонкі культуры тое, што выклікае настальгію па страчаным. Так і ручнікі, арнамент на якіх – не проста асобны знак, а цэлае жыццё. Гэта яшчэ адзін адбітак у гістарычнай памяці, культуры і нацыянальнай свядомасці нашага народа – сімвалічны напамін аб нябачных сувязях, што знітоўваюць нас з продкамі.

Аліна САНЮК.

Фота аўтара.

Поделиться...
Share on Facebook
Facebook
Pin on Pinterest
Pinterest
Tweet about this on Twitter
Twitter
Share on LinkedIn
Linkedin

Добавить комментарий