Усе мы родам з дзяцінства. Менавіта ў маленстве былі закладзены базавыя ўяўленні пра свет, асновы маралі і духоўнасці. А нашы бабулі сталі першымі праваднікамі да нацыянальных традыцый, навучылі любіць і шанаваць сваю спадчыну, а таксама прывілі любоў да беларускай кухні. Напэўна, кожны памятае і сёння духмяны водар бабуліных аладак і дранікаў, адмысловы смак халадніка і бульбяных зразаў. Многія і праз дзесяцігоддзі ашчадна захоўваюць сямейныя рэцэпты і рэалізуюць іх на практыцы. Праз гэта маладое пакаленне вяртаецца да каранёў, захоўвае сувязь са сваімі продкамі.
Праект “Са смакам дзяцінства” — гэта шэраг матэрыялаў пра руплівых і гаспадарлівых людзей, якія пакінулі нашчадкам рэцэпты адмысловых страў. Першай асобай у цыкле аповедаў пра землякоў стала Ірына Сямёнаўна Астроўская, якой ужо няма фізічна побач, аднак дзеці і ўнукі захоўваюць добрую памяць аб ёй.
Мы прыехалі ў дом Тарэсы Кошань, дачкі Ірыны Сямёнаўны, дзе аб маці нагадваюць абраз, фотаздымкі, тканы дыванок. Захаваліся і матуліны малітоўнікі, да якіх Тарэса Вацлаваўна час ад часу звяртаецца. Пакуль разглядаю старыя фотаздымкі, Тарэса разам з дачкой Ганнай і ўнучкай Палінай гатуюць зацірку. Калісьці гэтая страва была надзвычай папулярнай у нашым рэгіёне. Ірына Астроўская ўмела гатаваць зацірку асабліва смачна.
— Амаль усё жыццё мама пражыла ў Гудаўшчыне. Яе лёс нельга назваць лёгкім і простым — у дванаццацігадовым узросце яна страціла маці. Тады давялося ўзяць клопат аб малодшых дзецях на сябе. Атрымалася скончыць толькі чатыры класы, але па тых часах яна лічылася адукаванай, — расказвае дачка Тарэса.
З самага дзяцінства Ірына Сямёнаўна навучылася ткаць, вязаць, шыць, вышываць. Вырабы, зробленыя яе рукамі, адрозніваліся асаблівым каларытам. Нават у пачэсным узросце яна працягвала ткаць на кроснах, якія і зараз захоўваюцца ў Гудаўшчыне.
— Дываны цешчы і сёння ўпрыгожваюць наш дом. Мы іх не складваем у куфар, а штодзённа карыстаемся. Праз іх мы прыгадваем Ірыну Сямёнаўну, яе стараннасць, далікатнасць і дабрыню, — дзеліцца думкамі зяць Васіль.
Пакуль старэйшае пакаленне дзеліцца ўспамінамі, Ганна і Паліна гатуюць зацірку. Зрабіць яны імкнуцца ўсё так, як навучыла бабуля. Дастаючы з лядоўні малако, Ганна прыгадвае летні час, калі яна гасціла ў бабулі:
— Кожны вечар перад сном бабуля прапаноўвала мне шклянку свежага малака ад сваёй кароўкі. Яна падкрэслівала, што малако неабходна піць для таго, каб вырасці дужай. Пасля гэтага мяне чакала малітва. І толькі потым можна было адпраўляцца ў ложак.
Унукі ведалі, што аслухацца бабулю нельга. Ірына Астроўская заўсёды была моцнай і ўладарнай жанчынай. Гэтаму паспрыялі многія акалічнасці — заўчасна памерла маці, у маладым узросце адышоў у вечнасць і сын Іван. Да апошняга дня жыцця яна клапацілася аб людзях, якія жывуць побач. Гэтаму ж вучыла і сваіх дзяцей — Тарэсу, Ірыну і Івана. Паважаць старэйшых, дапамагаць тым, хто гэтага патрабуе, захоўваць законы сумлення — усё гэта дзеці перанялі ад мамы, якая выхоўвала іх не толькі словам, але і прыкладам.
— Мама хацела, каб мы выраслі годнымі людзьмі. З ёй мы раіліся па ўсіх пытаннях. У юнацтве я марыла звязаць сваё жыццё з медыцынай. Аднак мама лічыла — няма больш пачэснай і высакароднай прафесіі, чым настаўнік. На сямейным савеце было вырашана, што паступаць трэба ў педагагічны інстытут. Дзякуючы яе парадзе я стала на педагагічную сцяжыну, аб чым ніколі не пашкадавала, — прыгадвае Тарэса Вацлаваўна.
Сур’ёзна адносілася жанчына і да асабістага жыцця сваіх дзяцей. Ёй хацелася, каб побач з дочкамі і сынам былі годныя людзі. Дочкі мелі магчымасць прывесці хлопца на знаёмства толькі ў тым выпадку, калі збіраліся за яго выйсці замуж. Матуліна строгасць і кансерватыўнасць дапамаглі пазбегнуць шматлікіх памылак у асабістым жыцці.
Быў побач з Ірынай Сямёнаўнай чалавек, з якім яна магла адчуць сябе жанчынай — маленькай, безабароннай і далікатнай. Ён быў і добрым дарадцам, і надзейным сябрам, і трывалым жыццёвым спадарожнікам. Гэтым чалавекам быў муж Вацлаў. Мужчына вялікую частку свайго жыцця прысвяціў кавальскай справе. Пражылі Ірына і Вацлаў жыццё, напоўненае і цёплымі момантамі, і болем, горыччу і расчараваннем. Аднак у любой сітуацыі яны паважалі адзін аднаго, клапаціліся і падтрымлівалі. Штодня старанная жонка пякла для мужа стос свежых блінцоў, хоць сама іх і не ўжывала. Звязаўшы лёс з Вацлавам у 1957 годзе, Ірына разумела, што гэты чалавек будзе побач з ёй аж да смерці. Аднак мужу было наканавана першым адысці на той свет. Па-ранейшаму кожную раніцу яна рабіла рошчыну. І ўжо праз некалькі хвілін хата напаўнялася прыемным водарам свежых блінцоў. Дзеці і ўнукі разумелі, што тую сувязь, якая ўтварылася паміж мужам і жонкай, не можа разарваць нават смерць.
Зацірка ўжо гатова. Паліна і Ганна паволі разліваюць страву ў невялічкія місачкі і запрашаюць прадэгуставаць. Уся вялікая сям’я сядае за стол. Кожны нахіляецца над міскай, каштуе. Гаспадар дома, Васіль, першым дэгустуе зацірку. Пасля бяруцца за лыжкі ўсе астатнія. Традыцыйная страва вяртае кожнага ў маленства, у той прыгожы і бесклапотны час, які сышоў у нябыт. Такім смачным і духмяным кожнаму падаецца традыцыйны беларускі ласунак. Магчыма, Ірына Сямёнаўна ведала сакрэтны складнік, які ўпотай дадавала ў зацірку? А, можа, проста зацірка ўвабрала ў сябе незабыўны смак. Смак дзяцінства…
Вашы рэцэпты традыцыйных мясцовых страў таксама могуць увайсці ў кулінарны летапіс Ашмяншчыны. Для гэтага дастаткова звярнуцца ў турыстычны інфармацыйны цэнтр (г. Ашмяны, вул. Савецкая, 128, памяшканне краязнаўчага музея) або патэлефанаваць па нумары 2-11-48.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.