Музеі – гэта жывыя арганізмы, сведкі разнастайных падзей, што адбываліся на нашай зямлі. У кожнай установе адукацыі Ашмянскага раёна створаны музей, музейны пакой або куток гісторыі. Не стаў выключэннем і Ашмянскі аграрна-эканамічны каледж, у якім дзейнічае музейны пакой “Шляхі нашых гадоў”. Калі трапляеш сюды, адразу адчуваеш дух іншага часу, пераносішся ў іншую эпоху. Фотаздымкі, шматлікія дакументы, лісты выпускнікоў – гэтыя і многія іншыя каштоўныя рэчы знаходзяцца тут. Усё гэта збіралася рукамі не аднаго пакалення навучэнцаў і педагогаў.
У 1991 годзе на педагагічным савеце было прынята рашэнне аб стварэнні музея гісторыі, у 1992 годзе музей гасцінна расчыніў дзверы для наведвальнікаў, а ў 2019 – музей гісторыі быў рэарганізаваны ў музейны куток “Шляхі нашых гадоў”. Зараз яго кіраўніком з’яўляецца Тэрэса Ціхановіч.
— Музейны пакой мае вялікае выхаваўчае значэнне. У асноўным тут змяшчаюцца стэнды, прысвечаныя каледжу, яго педагогам і выпускнікам, дасягненням установы ў розныя часы. Музейны пакой працуе ў розных накірунках: тут праводзяцца экскурсіі, ладзяцца лекцыйныя заняткі, на аснове звестак пішуцца навуковыя працы. Праз музейныя заняткі навучэнцы і госці знаёмяцца з поспехамі і дасягненнямі навучальнай установы. Школьнікі, што прыходзяць на прафарыентацыйныя сустрэчы, маюць магчымасць больш даведацца пра навучальную ўстанову. Адна з залаў прысвечана тэхнічнай творчасці навучэнцаў. Яна выклікае асаблівую цікавасць у наведвальнікаў, — зазначае Тэрэса Вікенцьеўна.
Сапраўды, экспазіцыя залы тэхнічнай творчасці захапляе і ўражвае: макеты будынкаў, вырабы з саломы, карціны і дэкаратыўныя пано – усё гэта дае адчуванне поўнай гармоніі.
Музейны пакой змяшчае 1420 экспанатаў. Кожны – са сваёй гісторыяй, са сваім лёсам. З асаблівай цеплынёй Тэрэса Вікенцьеўна расказвае пра лісты і падарункі музею. Выпускнікі праз некалькі дзесяцігоддзяў пішуць глыбокія і кранальныя лісты. Яны дзякуюць за выхаванне, трывалыя веды, дзеляцца сваімі поспехамі. Некаторыя ж асабіста наведваюць музейны пакой, прыносячы сюды маленькія падарункі – сувеніры, фотаздымкі, узнагароды. Цікавяцца гісторыяй сваёй установы і навучэнцы каледжа. Многія з іх з’яўляюцца членамі аб’яднання па інтарэсах “Жывая крыніца”. На занятках аматары гісторыі вучацца праводзіць экскурсіі, рыхтуюцца на навукова-практычных канферэнцый.
Музейны пакой “Шляхі нашых гадоў” набліжае маладое пакаленне да гісторыі сваёй мясцоваці і навучальнай установы, выхоўвае і вучыць быць сапраўднымі прафесіяналамі ў сваёй справе. Бо музей – гэта не толькі мінулае, але яшчэ і будучыня.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.