Вандруем па музеях адукацыі Ашмянскага раёна. Народны музей СШ № 1 імя М.М. Гружэўскага

Новости

У нашым раёне ёсць некалькі музеяў, якім прысвоена званне “Народны”. Каб атрымаць яго, неабходна сістэмная і карпатлівая праца цэлай каманды неабыякавых людзей, вялікі энтузіязм і творчы запал. Народны музей гісторыі школы № 1 імя М.М. Гружэўскага якраз і ствараўся камандай неабыякавых рупліўцаў, якія ўкладалі сюды свае сілы і сэрца. У чэрвені 2023 года народны музей пацвердзіў сваё высокае званне.

У музеі багатая экспазіцыя. Тут захоўваюцца ўзнагароды, фотаздымкі, падручнікі, школьныя прылады, газеты даваеннага часу і першых пасляваенных гадоў, граматы і асабістыя рэчы знакамітых выпускнікоў — усё тое, што звязана са школай, яе гісторыяй і станаўленнем. Музей гасцінна расчыніў свае дзверы для наведвальнікаў у далёкім 1999 годзе. На 70 квадратных метрах разгарнулася асаблівая і цікавая старонка жыцця школы, яе перамог і ўзлётаў. Тэматычныя стэнды распавядаюць наведвальнікам аб станаўленні адукацыі ў Ашмянскім раёне. Шмат інфармацыі аб дзейнасці школы ў пасляваенны перыяд, яе дырэктарах і першых выпусках. Важнае месца адводзіцца гісторыі піянерскага і камсамольскага рухаў. Гальштукі і школьная форма таго часу, горн, барабан, каларытныя фотаздымкі — кожны экспанат нагадвае аб самабытнасці і непаўторнасці таго часу. Выпускнікі школы з настальгіяй разглядаюць гэтыя экспанаты, пераносячыся ў школьныя гады. Многія знаходзяць сябе на фотаздымках.

Першая школа славіцца сваімі творчымі калектывамі. Адметнасцю стала і тое, што ўсе яны з’яўляюцца ўзорнымі. Фальклорны ансамбль песні і танца “Званочкі”, студыя эстраднай песні “Палёт”, тэатр танца “Эфект” узгадавалі не адно пакаленне выпускнікоў. Удзельнікі калектываў ва ўсе часы станавіліся пераможцамі шматлікіх конкурсаў і фестываляў, прымалі ўдзел у аглядах мастацкай самадзейнасці. Дыпломы, граматы і падзячныя лісты знайшлі месца на адным са стэндаў.

Распавядае музей гісторыі школы і аб педагогах, якія ў розныя часы працавалі ў навучальнай установе. Творчыя і захопленыя сваёй справай, яны неслі веды, выхоўвалі, натхнялі, дапамагалі рабіць першыя крокі ў свет новых ведаў. Кожны педагог — унікальны і адметны. А сапраўдным прыкладам для педагогаў, якія зараз працуюць у школе, з’яўляецца Міхаіл Мар’янавіч Гружэўскі, былы дырэктар школы. Менавіта яго намаганнямі быў адкрыты музей, які пасля стаў вядомым не толькі ў нашым раёне, але і за яго межамі. Асобе Міхаіла Гружэўскага адведзены асобны стэнд. Школьнікі знаёмяцца з біяграфіяй былога дырэктара, займаюцца даследчай дзейнасцю. У гэтым годзе вучнямі была падрыхтавана навуковая праца “Яго імя носіць школа”, прысвечаная асобе былога дырэктара.

Доўгі час загадчыцай музея была Рамуальда Ануфрыева. З вялікім запалам яна выконвала свае абавязкі: праводзіла экскурсіі, вяла неабходную дакументацыю, рыхтавала экскурсаводаў, дапамагала вучням пісаць навуковыя і даследчыя працы. Дзякуючы яе руплівасці школьнікі дакрануліся да гісторыі роднага краю, навучыліся паважаць і любіць сваю ўстанову, быць сапраўднымі патрыётамі.

Зараз кіраўніком музея з’яўляецца Вольга Эвейшыс. Яна зазначае, што музей працягвае добрыя традыцыі, закладзеныя некалькі дзесяцігоддзяў таму: вучні спрабуюць сябе ў якасці экскурсаводаў, займаюцца даследчай дзейнасцю, прымаюць удзел у конкурсах. Добрая справа, распачатая ў 1999 годзе, працягваецца, да яе актыўна далучаецца маладое пакаленне. І гэта зразумела. Гісторыя роднага краю павінна жыць, бо без гісторыі няма будучыні.

Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.

Поделиться...
Share on Facebook
Facebook
Pin on Pinterest
Pinterest
Tweet about this on Twitter
Twitter
Share on LinkedIn
Linkedin

Добавить комментарий