Невялічкія каплічкі і велічныя замкі, адмысловыя цэрквы і атмасферныя касцёлы – усё гэта гістарычная і культурная спадчына нашай краіны. Аб’екты сакральнай архітэктуры ўпрыгожваюць каларытныя вёсачкі, утульныя аграгарадкі і вялікія гарады. Яны робяць населеныя пункты статуснымі і прыцягальнымі для вандроўнікаў і турыстаў, якія прыязджаюць за гістарычнай інфармацыяй, яркімі фотаздымкамі і новымі ўражаннямі. Ёсць сярод аматараў гісторыі і падарожжаў і сапраўдныя прафесіяналы. Да іх ліку можна аднесці Уладзіміра Цвірку, вандроўніка, вітражыста, фотамастака і канструктара.
Яго фотавыстава “Сілуэты Спадчыны” ўжо аб’ехала вялікую колькасць гарадоў нашай краіны. А ў сакавіку і ў ашмянцаў з’явілася магчымасць не толькі пазнаёміцца з фотапрацамі, але і з аўтарам фотаздымкаў Уладзімірам Цвіркам. У краязнаўчым музеі імя Ф. К. Багушэвіча прайшла сустрэча з фотамастаком. Пачалося мерапрыемства з музычных нумароў, падрыхтаваных настаўнікамі Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў. Шчырыя і шчымлівыя кампазіцыі закранулі сэрца кожнага, хто прыйшоў на сустрэчу. Пасля дырэктар музея Анастасія Навіцкая пазнаёміла з біяграфіяй госця. Рэстаўратар, мастак, дызайнер, падарожнік, фатограф, аўтар публіцыстычнага праекта “250 залатых маршрутаў маёй Беларусі” – Уладзімір Андрэвіч паспявае рэалізоўвацца ў розных сферах. Ведаюць яго і як выдатнага вітражыста. Вітражы мастака ўсталяваны ў Свята-Троіцкім храме ў Міры, а таксама ў царкве Казанскай Божай Маці вёскі Беражное Карэліцкага раёна. У пэўны момант Уладзімір Іванавіч захапіўся фатаграфіяй. Яна давала магчымасць захаваць у памяці важныя моманты.
Аўтар фотаздымкаў расказаў пра ўзнікненне назвы выставы “Сілуэты спадчыны”. Аднойчы, вандруючы, ён заблукаў. У нейкі момант зразумеў, што трэба шукаць пэўных арыенціраў. Сонца ўжо сядала за гарызонт, а на зямлю апускаўся змрок. Раптам вандроўнік заўважыў ўдалечыні сілуэт храма. Дзякуючы гэтаму ён змог адшукаць шлях.
Для выставы фотамастак прадставіў 42 фотаздымкі. Ёсць сярод іх і адзін помнік архітэктуры нашага раёна – касцёл у Гальшанах. Аднак быў Уладзімір Андрэевіч і ў іншых запаветных куточках нашага раёна, якія пакінулі станоўчыя ўражанні. Ён адзначае, што ў межах публіцыстычнага праекта “250 унікальных турыстычных аб’ектаў Беларусі” аб’ехаў каля 8000 помнікаў, кожны з якіх здзівіў і ўразіў.
Падчас вандровак Уладзімір Андрэевіч знаёміцца не толькі з помнікамі архітэктуры, але і з людзьмі. Яны расказваюць цікавыя рэчы пра гісторыю мястэчак і вёсак, дзеляцца ўспамінамі продкаў. Зрузумела, што тая інфармацыя таксма мае вялікую каштоўнасць.
Падчас мерапарыемства ўдзельнікі сустрэчы мелі магчымасць задаць пытанні, удакладніць пэўныя моманты. Аўтар даваў вычарпальныя адказы на кожнае пытанне. У канцы мерапрыемства Валянціна Александровіч, галоўны спецыяліст сектара культуры райвыканкама, падзякавала фотамастаку за грунтоўныя працы і пажадала далейшага прафесійнага росту і развіцця. Пасля ўручыла падарунак, які будзе нагадваць пра наш горад, яго самабытную архітэктурную спадчыну і шчырых людзей.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.