“Ёсць на ідышы такое слова, якое цяжка перакласьці, «ідышкайт» — даслоўна «яўрэйскасць» (яўрэйская ментальнасць, яўрэйскі лад жыцця, яўрэйскі дух). Ад сусвету ідышкайт, які гутарыў, спяваў, радаваўся, гараваў, смяяўся, лаяўся на мове ідыш, Халакост пакінуў толькі аскепкі, і не стала чуваць у былых мястэчках «кулямётнай яўрэйскай гаворкі без праклятай літары«р», салодкай мовы ідыш — маме лошн»” — так пісаў пра ідышкайт вядомы пісьменнік, ураджэнец Бабруйску Эфраім Севела.
Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы і таму гісторыя сусветнага яўрэйства цесна звязаная з нашай зямлёй. Напярэдадні Другой Сусветнай вайны яўрэі складалі палову насельніцтва Ашмяны, жылі, працавалі побач, яўрэйскія і беларускія традыцыі за часы суіснавання цесна перапляліся, у беларускую кухню прыйшлі гефілтэ фіш і шакшука, а любімыя дранікі і бабка з’явіліся ў нас у сярэдзіне XIX ст. пры відавочным садзейнічанні яўрэйскіх карчмароў; беларуская мова запазычыла сабе шматлікія словы на ідыш – гандляр, хаўрус, фанабэрысты, і дала ідышу свае.
Пры падрыхтоўцы новай выстаўкі галоўнай задачай музейных супрацоўнікаў было аднаўленне штодзённасці даўнейшага мястэчка, знаёмства з побытам, заняткамі, кулінарнымі і рэлігійнымі традыцыямі яўрэйскага народу.
Запрашаем і вас усіх акунуцца ў Сусвет ідышкайта, у Сусвет якога больш няма.