Купалле – адно з традыцыйных фальклорных свят, прысвечаных сонцу і росквіту зямлі. Яго нашы продкі адзначалі з даўніх часоў. З асаблівым размахам святкуюць яго штогод і на Ашмяншчыне. Сёлета гулянне ў чарговы раз ладзілася ля сцен Гальшанскага замка. Адзначалі яго, як заўсёды, вясёлым і дружным гуртам.
Удзельнікаў свята “Купалле на Гальшанскім замку” аб’ядналі песні, танцы і народныя гульні. Да спадобы аматарам фальклорных традыцый прыйшліся святочны тэматычны канцэрт, а таксама конкурсы, майстар-класы па пляценні вянкоў, карагоды, фітабар, фотазоны.
Супрацоўнікі Ашмянскага краязнаўчага музея імя Ф.Багушэвіча запрасілі гасцей на экскурсію ў паўночную вежу. Тут удзельнікі свята знаёміліся з гісторыяй замка і яго гаспадароў, а таксама легендамі пра Чорнага Манаха і Белую Панну.
Аматараў містыкі чакаў традыцыйны купальскі квэст – пошук папараць-кветкі. Згодна з народным павер’ем, стаць вельмі шчаслівым, зразумець мову звяроў і птушак можна з дапамогай кветкі папараці, якая зацвітае усяго на імгненне раз у год. Пошук «папараць-кветкі» – адзін з самых таямнічых рытуалаў купальскай ночы, да якога далучыліся ўдзельнікі свята ў Гальшанах.
Добры настрой гасцям стваралі чароўныя гукі музыкі, што ліліся меладычнай ракой. Асалоду сустрэчы з прыгожым прысутным падарылі заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль танца, музыкі і песні “Белыя росы”, а таксама ўдзельнікі Лідскага эстраднага аркестра.
Асаблівую цікавасць у наведвальнікаў выклікала купальскае ачышчальнае вогнішча, ля якога прысутныя вадзілі вясёлыя карагоды.
Завяршальным аккордам свята стала вогненнае шоу і дыскатэка.
Па матэрыялах газеты «Ашмянскі вестнік»