Касцёл св. Міхала Арханёла ў Ашмянах
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі
54°25′24,36″ пн. ш. 25°56′09,14″ у. д
Гэта адна з першых каталіцкіх парафій Беларусі. Заснаваная каралём Ягайлам у 1387 г., адразу пасля Крэўскай уніі. У 1434 г. (1432 г.), як удзячнасць Богу за перамогу пад Ашмянамі над Свідрыгайлам, кароль Жыгімонт заснаваў пры мясцовым касцёле “калегіяту з місіянарыямі”, а па іншых крыніцах – пабудаваў новы касцёл. Кансэкраваў святыню біскуп Красіньскі. Хутчэй за ўсё, спачатку касцёлы ў Ашмянах будаваліся з дрэва, а калі паўстала першая каменная святыня, пакуль што дакладна не вядома – магчыма, у XVII ст., мяркуючы па малюнках і гравюрах ХIХ ст.
У XIX ст. касцёл уяўляў сабой каменны прамавугольны ў плане храм з дзвюма чацверыковымі вежамі, убудаванымі ў галоўны фасад, пад высокім двухсхільным дахам з маленькай сігнатуркай над алтаром. Прэзбітэрый фланкавалі дзве вялікія дзвюхпавярховыя сакрыстыі. Да ўваходу была прыбудавана грувасткая непрапарцыянальная крухта. Касцёльны ўчастак быў абнесены бутавай агароджай на такіх жа слупках.
Да парафіі, якая налічвала напрыканцы ХIХ ст. больш за 8000 вернікаў, былі прыпісаны капліцы ў Алянах, Гародніках, Палянах і капліца на мясцовых могілках. Да 1866 г. дзейнічалі яшчэ капліцы ў Вайневічах, Маствілішках, Светадуху, Сухадоле.
У пачатку ХХ ст. старажытны касцёл ужо не мог змясціць усіх сваіх парафіян, таму ў 1900 г. намаганнямі тагачаснага пробашча і дзекана кс. Казіміра Сайкоўскага паводле праекта архітэктара Вацлава Міхневіча пачалася перабудова і пашырэнне храма ў стылі неабарока. Святыня стала трохнававай, над ёй узнесліся высокія чатырох’ярусныя вежы пад фігурнымі купаламі. Інтэр’ер цяпер упрыгожвалі 9 каменных неабарочных алтароў. Сёння гэта галоўны алтар св. Міхала Арханёла, левы бакавы НПМ Чанстахоўскай, правы св. Юрыя, і пры калонах: злева – св. Максімільяна Кольбэ, бл. Баляславы Лямант, МБ Дапаможніцы Верных, і справа – свв. Яна Боска і Дамініка Савія, Езуса Міласэрнага і яшчэ адзін алтар, пакуль што без абраза. Працы былі скончаны ў 1904 г. (па іншых звестках – у 1906 г. ці 1910 г.). Так ці інакш, 13 ліпеня 1938 г. касцёл быў урачыста кансэкраваны віленскім арцыбіскупам Рамуальдам Ялбжыкоўскім.
Да парафіі, якая напрыканцы 1930-х гг. налічвала ўжо больш за 12000 вернікаў, па-ранейшаму належалі капліцы ў Гародніках, Палянах і на парафіяльных могілках (капліца ў Алянах адышла да барунскай парафіі). Напачатку ХХ ст. (верагодна пасля 1905 г.) далучылася капліца ў Болтупе. Новыя капліцы былі адчынены ў ашмянскай вязніцы і ў Наваполлі.
17 верасня 1989 г. святыня перададзена вернікам, праведзена рэстаўрацыя, у 2003-05 гг. касцёл рамантаваўся – заменены дах, сцены нанава атынкаваны і пафарбаваны, адрэстаўрыраваны страчаныя элементы дэкору. Адноўлены і парафіяльныя капліцы ў Гародніках, Масцвілішках і Палянах.
Касцёл Святога Якуба (Цудзенішкі)
54°32′15,80″ пн. ш. 25°45′52,80″ у. д.
Касцёл пад тытулам св. апостала Якуба заснаваны ў пачатку XVII ст. У 1628 г. на сродкі пана Аляксандра Клоцкага было скончана аздабленне мураванай святыні. Гэта быў зальны храм у стылі рэнесанс з падоўжанай паўкруглай апсідай і адзінай сакрыстыяй пры ёй. Столь у зале плоская падшыўная, над прэзбітэрыем знаходзіцца цыліндрычнае скляпенне з конхай, упрыгожанае паліхромнымі размалёўкамі. У інтэр’еры 3 алтары: галоўны – св. Якуба, левы бакавы – св. Юзафа, правы – Маці Божай Вастрабрамскай.
Да ХIХ ст. Цудзенішская парафія ўваходзіла ў склад Віленскага, потым – Ашмянскага дэканата. Пры касцёле дзейнічала парафіяльная школа, будынак якой быў знішчаны пажарам у 1798 г.
У 1866 г., на хвалі рэпрэсій пасля разгрому паўстання К. Каліноўскага, касцёл быў зачынены і перададзены ў праваслаўнае ведамства. Пры пераабсталяванні пад царкву да галоўнага фасада была дабудавана вежа-званіца ў рэтраспектыўна-рускім стылі. У 1920-я гг. святыня зноў стала каталіцкай, у 1929 г. быў распрацаваны праект рэканструкцыі касцёла (праект знаходзіцца ў архіве парафіі), аднак да рэалізацыі справа не дайшла. У той час у парафіі было каля 2500 вернікаў, капліц не было.
У савецкі час пастаяннага ксяндза ў парафіі не было, але касцёл не разрабавалі. З 1980-х гг. сталыя набажэнствы аднавіліся, а з 2011 г. пробашчам у Цудзенішках з’яўляецца кс. Павел Ствол.
Касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мураванай Ашмянцы
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі
54°27′24″ пн. ш. 25°47′06″ у. д.
Касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі (Найсвяцейшай Тройцы) быў заснаваны ў 1790 г. каралеўскім шамбелянам і ашмянскім падкаморыем Ігнацыем Важынскім, мясцовым землеўладальнікам. Сёняшняя традыцыя лічыць датай заснавання парафіі 1650 г., датай пабудовы касцёла – 1790 г.
У 1841 г. на сродкі Марціна Важынскага і ў 1874 г. на сродкі Караля Важынскага святыня, узведзеная ў цэнтры вёскі, была рэканструявана.
З таго часу касцёл уяўляе сабой драўляны на каменным падмурку зальны аб’ем з трансептам, які пераходзіць у прэзбітэрый з трохграннай алтарнай часткай. Сакрыстыя прыбудавана з заходняга боку да апсіды. Пры рэканструкцыі ў ХIХ ст. да галоўнага фасада дабудаваны нартэкс з хорамі над ім і прыбудова да ўсходняга бакавога фасада. Двухсхільны дах з вальмамі над алтаром увенчаны невялікімі шлемападобнымі вежачкамі: васьміграннай над уваходам і чатырохграннымі над франтонамі трансепта. Зала, капліцы трансепта і прэзбітэрый перакрыты люстранымі скляпеннямі. Арка прэзбітэрыя ўмацавана бэлькай, характэрнай для касцёльнага дойлідства XVII ст. У галоўным алтары, выкананам у стылі ман’ярызм, змешчаны абраз Найсвяцейшай Тройцы. Бакавыя алтары знаходзяцца ў крылах трансепта: левы – Маці Божай, правы – Езуса Міласэрнага. Над нартэксам зроблены хоры з арганам.
Тэрыторыя касцёла абнесена бутавай агароджай, уваход пазначаны драўлянай двух’яруснай чацверыковай брамай-званіцай пад чатырохсхільным дахам з невялікай васьміграннай шлемападобнай галоўкай. У 1907 г. на адной восі з касцёлам у агароджы зроблены галоўны ўваход з каванымі дзвярамі, але зараз ім амаль не карыстаюцца.
У савецкі час касцёл застаўся дзейнічаць і нават быў залічаны да помнікаў архітэктуры.
Касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Барунах
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі
54°18′59″ пн. ш. 26°08′21″ у. д.
Пасля з’яўлення тут, “у пушчы, дзе сама Маці Божая паказала”, цудадзейнага абраза Маці Божай Барунскай (абраз італьянскай школы вядомы з другой паловы XVII ст.), у мястэчку па фундацыі Мікалая Песляка ў 1691 г. (1692 г.) была ўзведзена драўляная грэка-каталіцкая царква ў гонар знакамітага абраза, а таксама быў заснаваны кляштар ордэна базыльянаў. У 1700-1707 гг. (1695 г.) быў пабудаваны ўжо каменны храм, які пасля пажару 1715 г. аднавіў на свае сродкі Леў Кішка. У тым жа 1715 г. у Барунах была заснавана самастойная парафія, а касцёл быў кансэкраваны. І, нарэшце, у 1747-1757 гг., паводле праекта архітэктара бернардына Аляксандра Асікевіча, увабраўшы ў сябе папярэднюю святыню, якая стала цэнтральнай навай новазбудаванага касцёла, у цэнтры Барунаў узнеслася велічная базіліка ў стылі віленскага барока. Аднак нават пасля рэканструкцыі 1760-1770 гг. касцёл так і не стаў такім, якім яго задумалі дойліды.
Сіметрычнай кампазіцыі комплексу, развернутай на плошчу перад храмам, не хапае двух ярусаў над правай вежай і двух’яруснай званіцы ў левым вугле агароджы. Тым не менш, незавершанасць дадала комплексу маляўнічасці ўспрымання з розных бакоў, дадатковай дынамічнасці. У 1778-1793 гг. за касцёлам быў пабудаваны двухпавярховы каменны кляштарны корпус, дзе адчынілася шасцігадовая базыльянская школа, якая, між іншым, можа ганарыцца сваімі выхаванцамі: пісьменнікам Ігнацыем Ходзькам, гісторыкам Леанардам Ходзькам, паэтам Антоніем Адынцам. Пасля рэканструкцыі XIX ст. корпус набыў рысы класіцыстычнага стылю.
На плошчы перад касцёлам у другой палове XVIII ст. з’явілася прыдарожная барочная каплічка, абнесеная бутавай агароджай. Цаглянае атынкаванае збудаванне мае два ярусы – у ніжнім, васьмерыковым, зроблена невялікая малітоўная зала, у верхнім, чацверыковым, усталявана Укрыжаванне. Увенчвае каплічку двух’ярусны барочны невялічкі купал пад крыжам.
Касцёл уяўляе сабою трохнававую базіліку з дзвюма трох’яруснымі (правая не скончаная) вежамі, якія фланкуюць галоўны фасад, завершаны крывалінейным познебарочным франтонам. Падкрэсліваючы сіметрычнасць у агароджы, з бакоў ад касцёла зроблены ўязныя брамы, таксама маляўнічага барочнага абрысу. Цэнтральная нава касцёла, узвышаная над бакавымі, пераходзіць у выцягнуты, паўкруглы ў плане прэзбітэрый. Інтэр’ер у стылі ракако ўпрыгожваюць 3 алтары: галоўны – святых Пятра і Паўла, левы бакавы – Маці Божай Барунскай і правы – св. Казіміра. Над уваходам зроблены хоры.
У 1832 г. (1833 г.) кляштар базыльянаў быў зачынены і перададзены ў праваслаўнае ведамства. Пасля перабудовы, 22 верасня 1881 г. храм пераасвяцілі ў царкву Прасвятой Багародзіцы. Але ў 1919 г. (1922 г.) святыня была вернута католікам і з таго часу дзейнічае як касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла. У міжваенныя гады да барунскай парафіі, колькасць вернікаў якой дасягала амаль 5700 чалавек, прыпісвалася адноўленая капліца ў Алянах. У 1920-22 гг. у паслякляштарных мурах дзейнічала Беларуская настаўніцкая семінарыя, адчыненая вядомым заходнебеларускім дзеячам С. А. Рак-Міхайлоўскім.
У гады савецкай улады касцёл у Барунах працягваў сваю дзейнасць. Ён дзейнічае і сёння. Былы кляштарны корпус быў прыстасаваны пад жыллё, але цяпер ён пусты, будынак знаходзіцца ў аварыйным стане. Комплекс у Барунах залічаны да помнікаў архітэктуры рэспубліканскага значэння.
Знакаміты цудадзейны абраз (паводле афіцыйных звестак, арыгінал загінуў у час II Сусветнай вайны, а паводле парафіяльнай традыцыі, – вернуты на сваё месца 15 кастрычніка 1926 г. і захаваўся дагэтуль) па-ранейшаму ўпрыгожвае алтар у левай наве. Згодна з легендай, алтар знаходзіцца над пнём дрэва, на якім з’явіўся абраз. У крыпце пад алтаром б’е святая крыніца.
Касцёл св. Яна Хрысціцеля ў Гальшанах
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі
54°15′24″ пн. ш. 26°00′36″ у. д.
Касцёл пад тытулам св. Яна Хрысціцеля ў Гальшанах быў заснаваны яшчэ ў XV ст. князем Альгімунтавічам Гальшанскім. Ёсць звесткі, што ў XVI ст. новыя валадары Гальшанаў, пратэстанты Сапегі, прыстасавалі касцёл пад кальвінскі збор, аднак у 1550 г. каталіцкая святыня зноў узгадваецца ў складзе Віленскай дыяцэзіі. Напрыканцы XVI ст. драўляны храм у цэнтры мястэчка быў заменены каменным касцёлам, які ў 1596 г. кансэкраваў пад гістарычным тытулам віленскі біскуп Яўстафій Валовіч. Гэта быў дзвюхвежавы трохнававы храм з развітым трансептам і паўкруглай апсідай, арыентаванай на ўсход. Падлога была выслана цэглай, дах пакрывала пляскатая чарапіца.
У 1618 г. Павел Сапега, стайнік ВКЛ і ашмянскі стараста (з 1623 г. падканцлер ВКЛ), тагачасны ўладальнік замка і мястэчка, запрасіў у Гальшаны айцоў францішканаў канвентуальных, для якіх пры касцёле заснаваў кляштар. Касцёл пры гэтым быў капітальна перабудаваны і асвечаны 6 жніўня таго ж года. У 1637 г. тут было 15 манахаў, у манаскай студыі 6 вучняў вывучалі рыторыку і логіку. Спачатку кляштар належаў да польскай правінцыі ордэна, а пасля 1686 г. – да літоўскай. У 1687 г. канвент увайшоў у Ашмянскую кустодзію. У Гальшанах адбываліся капітулы правінцыі – у 1742, 1787 і 1829 гг. Гальшанскія францішкане мелі рэзідэнцыю пры касцёле ў Багданаве (да 1792 г.), у XVIII ст. пры кляштары дзейнічала парафіяльная школа. Парафія ў Гальшанах заўсёды ўваходзіла ў склад Ашмянскага дэканата.
У 1659 г. кляштар быў разрабаваны маскоўскімі войскамі падчас той жудаснай вайны, якая вядома ў гісторыі як “Шведскі патоп”. Прыкладна ў 1671-1675 гг. касцёл быў пашыраны – да ўвахода прыбудавалі новы дзвюхвежавы фасад. У крылах трансепта знаходзіліся капліцы – св. Францішка і фундатарская, дзе было надмагілле Паўла Сапегі (+1635).
У пачатку XVIII ст. была перароблена ўсходняя частка касцёла, у сувязі з чым ён быў пераарыентаваны алтаром на захад. Сучасны выгляд барочнага стылю касцёл св. Яна Хрысціцеля набыў у 1770-я гг., калі быў ізноў перабудаваны амаль ад падмуркаў. Гэта велічная бязвежавая і безапсідная прамавугольная ў плане базіліка, галоўны і алтарны фасады якой вызначаны фігурнымі франтонамі, не мае сакрыстый. Інтэр’ер храма падзелены васьмю слупамі на тры навы – цэнтральная нава перакрыта цыліндрычным скляпеннем, бакавыя – крыжовымі. Галоўны акцэнт інтэр’ера – ілюзорная размалёўка алтарнай сцяны са сцэнай “Вадохрышча” ў цэнтры.
З паўднёва-заходняга боку да касцёла прыбудаваны П-падобны ў плане двухпавярховы кляштарны корпус. Такім чынам ствараецца ўнутраны двор – клаўструм. Корпус таксама перабудоўваўся на працягу XVII-XVIII стст. і калісьці меў дзве шасцігранныя вежы на паўднёвым і заходнім (ніжні ярус захаваўся) вуглах. Уваход на тэрыторыю кляштара ў другой палове ХIХ ст. быў пазначаны двух’яруснай цаглянай і атынкаванай брамай-званіцай у стылі класіцызм.
Кляштар францішканаў быў ліквідаваны паводле царскага ўказа ад 19 ліпеня 1832 г., у той жа час частка кляштарнага корпуса была знішчана. Астатнія карпусы прыстасавалі пад вайсковыя казармы (да 1897 г.), пасля тут размяшчалася царкоўна-прыходская школа, а з 1915 г. – нямецкі ваенны шпіталь. Але касцёл застаўся дзейнічаць у якасці парафіяльнага. Перад Другой сусветнай вайной гальшанская парафія налічвала больш за 7000 вернікаў, капліц не было. У парафіяльнай школе пры касцёле вучыўся Адам Станкевіч (1891-1949), будучы ксёндз, вядомы тэолаг і пісьменнік. У 1932 г. пробашчам тут быў кс. Ян Матулевіч, у кляштарных мурах жылі манахіні – сёстры місіянеркі (шарыткі). Пры савецкай уладзе касцёл быў зачынены, і нават статус помніка архітэктуры рэспубліканскага значэння не ўратаваў святыню ад рабавання і занядбання. У наш час гальшанская парафія адрадзілася. 2 жніўня 1990 г. сюды вярнуліся францішкане канвентуальныя.
Касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла ў Жупранах
54°28′16,9″ пн. ш. 26°05′08,95″ у. д.
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі
Касцёл пад тытулам святых апосталаў Пятра і Паўла зафундаваны ў сярэдзіне XVI ст. (у 1550 г. пазначаны як ужо дзеючы) Генрыкам Дукшам і Даўгірдам. Напрыканцы XVI ст. быў пераабсталяваны пад кальвінскі збор, аднак у 1646 г. намаганнямі каноніка кс. Паўла Клянчкоўскага святыня ізноў стала касцёлам (католікі пабудавалі новы храм, а струхнелы буданак кальвінскага збору стаяў яшчэ ў 1716 г.). Падчас “нашэсця” маскоўскія войскі знішчылі касцёл. Новую святыню адбудавалі ў 1692 г. на сродкі дачкі Багуслава Радзівіла.
Першапачаткова святыні былі драўлянымі, а дзеючы і сёння неагатычны касцёл з чырвонай вонкавай цэглы быў пабудаваны ў 1854-75 гг. на сродкі тагачаснага ўладальніка мястэчка і дзедзіча Навасёлак графа Адама Карлавіча Гуттэн-Чапскага і яго сына, таксама Адама, з дапамогай парафіян. Першае набажэнства адбылося 12 снежня 1875 г. (побач да 1884 г. яшчэ стаяла былая часовая драўляная капліца, потым разабраная на агароджу касцёла).
Касцёл уяўляе сабою трохнававы аднавежавы прамавугольны ў плане будынак з “рымскай”, таксама прамавугольнай, апсідай і дзвюма сакрыстыямі пры ёй, перакрыты адзіным двухсхільным дахам. Над сакрыстыямі змешчаны малітоўныя ложы фундатараў. Сцяна галоўнага фасада завершана атыкам з пінаклямі, галоўны ўваход пазначаны трох’яруснай чацверыковай вежай-званіцай, апошні васьмігранны ярус якой крыху непрапарцыянальны, што гаворыць аб недасканалым завяршэнні будаўніцтва. У інтер’еры над уваходам змешчаны хоры з арганам. Пад алтарнай часткай была зроблена крыпта (сёння тут кацельня). У архітэктурным плане асабліва цікавае злучэнне дэкора цагляных стрэльчатых аркатур (што характэрна для беларускага дойлідства часоў пераходу ад готыкі да ренесансу) з бутавай муроўкай на фасадах касцёла.
Інтэр’ер Пятра-Паўлаўскага касцёла падзелены на тры навы пяццю парамі васьмігранных магутных калон (на сярэдняй справа знаходзіцца драўляны гранёны амбон). Будынак перакрыты ў цэнтральнай наве цыліндрычнымі скляпеннямі на падпружных арках з кесонамі, а ў бакавых – крыжовымі, таксама на арках з кесонамі. Падлога выкладзена з паліхромных керамічных плітак.
Сёння касцёл упрыгожваюць 3 алтары. У галоўным алтары, выкананым у стылі барока, змешчаны цудадзейны абраз Маці Божай Балеснай, паміж падвойных высокіх калон усталяваны фігуры св. Казіміра (злева) і св. Яна Непамуцэна. У бакавым алтары ў левай наве змешчаны абразы св. Антонія і стыгматаў св. Францішка. У правым – св. Яна Хрысціцеля.
Да жупранскай парафіі ў сярэдзіне ХIХ ст. прыпісвалася мясцовая капліца. Аднак пасля яна больш не ўзгадвалася, магчыма, яна стаяла на мясцовых могілках, дзе пахаваны вядомы паэт Францішак Багушэвіч (+1900). “За польскім часам” да парафіі далучылася капліца ў Куцавічах. У тыя гады парафія налічвала больш за 7000 вернікаў.
У 1970-х гг. касцёл, які ніколі не спыняў сваёй дзейнасці, залічаны да помнікаў архітэктуры. За касцёлам захаваўся будынак былой плябаніі, сёння тут катэхічны цэнтр, а ксёндз жыве ў звычайнай хаце ў вёсцы. З 1981 г. парафію абслугоўваюць айцы салезіяне.