Вясна – пара прыгажосці, абуджэння прыроды, святла і сонейка. А яшчэ гэты перыяд справядліва называюць парой кахання, бо разам з прыродай у людскіх сэрцах абуджаецца прыгожае і светлае пачуццё, якое акрыляе, дорыць адчуванне шчасця і лагоды.
Каб нагадаць ашмянцам пра неўміручае і глыбокае пачуццё, у аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры прайшла літаратурна-музычная праграма “Каханне жыве для дваіх”, арганізаваная турыстычным інфармацыйным цэнтрам сумесна з аддзелам рамёстваў. У адной з залаў размясцілася выстава фотаздымкаў ашмянскіх сямейных пар. Гэтыя людзі пражылі доўгае і прыгожае сумеснае жыццё, таму і сёння з упэўненасцю могуць зазначыць, што сапраўднаму каханню ёсць месца і зараз. Здымкі выклікалі жывы інтарэс у ашмянцаў. З вялікай цікавасцю наведвальнікі вывучалі фотавыставу, задавалі пытанні арганізатарам.
Мерапрыемства пачалося з верша Петруся Броўкі “Пахне чабор”. Лірычны твор дапамог наблізіцца да тэмы, прыгадаць уласныя пачуцці, якія маюць месца ў жыцці кожнай асобы. Вядучыя праграмы Тарэса Кошань і Марыя Пазняк заклікалі гасцей прыгадаць сінонімы да слова “каханне”. Гледачы прапанавалі безліч трапных варыянтаў. Кожны з іх адлюстроўваў важнасць і значнасць цёплых і даверлівых узаемаадносін у жыцці двух людзей. Успомнілі падчас праграмы і вядомыя гісторыі кахання, якія па-рознаму скончыліся, але, безумоўна, пакінулі след у душы кожнай пары. Гісторыя Цэзара і Клеапатры, Ганны Ахматавай і Мікалая Гумілёва, Уладзіміра Высоцкага і Марыны Уладзі, Алены Санаевай і Ралана Быкава, Марыі Міцкевіч і Якуба Коласа, Людмілы Маркавай і Яфіма Капеляна, Аляксандра Пушкіна і Наталлі Ганчаровай расчулілі і здзівілі. Дастаткова часта моцнае пачуццё заканчвалася расчараваннем, болем і горыччу, але дзякуючы яму здабывалася штосьці большае – жыццёвая мудрасць, уменне дараваць, жаданне дабра іншай асобе.
Тарэса Адашкевіч прапанавала прысутным музычны падарунак. Ужо праз хвіліну песню “Дзве душы” падхапілі і госці. Ва ўнісон з артысткай яны выконвалі кранальную кампазіцыю. Працягнулася праграма інсцэніроўкай з жыцця закаханай пары. Іранічны сюжэт дапамог зразумець, што ў сардэчных справах трэба быць смелым і рашучым, не чакаць патрэбнага моманту і адпаведных абставін.
Каханню падуладны ўсе ўзросты – такую думку выказалі вядучыя ў канцы мерапрыемства. Шчырае пачуццё можа дакрануцца да сэрца і ў юнацкім ўзросце, і ў сталым. Мноства пар знайшлі другую палову ў той момант, калі ўжо і не спадзяваліся, таму верыць трэба заўсёды. На такой пазітыўнай ноце скончылася мерапрыемства, а кожны яго ўдзельнік, напэўна, атрымаў зарад станоўчых эмоцый.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.