Ашмянскі краязнаўчы музей у чарговы раз далучыўся да акцыі “Ноч музеяў”

Новости

Вокны ашмянскага музея вечарамі звычайна не гараць – а 19 гадзіне супрацоўнікі ідуць дамоў, а экспазіцыі патанаюць у цемры. Толькі не ў ноч з 20 на 21 мая. У гэту ноч музейныя экспанаты становяцца таямнічымі, атрымліваюць большую грунтоўнасць, набываюць вагу, адкрываюцца з іншага боку. У гэтым маглі пераканацца ўсе наведвальнікі, якія вырашылі правесці вечар пятніцы ў Ашмянскім краязнаўчым музеі імя Ф. Багушэвіча, далучыўшыся да чарговай акцыі “Ноч музеяу́», прысвечанай Міжнароднаму дню музеяў.

 

“Падарожжа летуценніка” – такую назву далі арганізатары – супрацоўнікі музея – сёлетняй акцыі, прысвяціўшы свята тым, хто любіць і шануе гісторыю роднага краю. Удзельнікі змаглі трапіць у розныя гістарычныя часы і эпохі жыцця Ашмянскага краю.

Каб наблізіць да гледача і зрабіць больш зразумелай інфармацыю, музейныя работнікі падалі яе ў форме невялікіх тэатральных мініяцюр, ператварыўшыся на час у салдата Вялікай Айчыннай вайны, жонку яўрэя-аптэкара, графіню Чапскую. Прысутныя таксама не засталіся пасіўнымі гледачамі, а сталі актыўнымі ўдзельнікамі інтэрактыўных пляцовак. Сустракалі начных гасцей музея ашмянскія музыкі Аляксандр Пашкоўскі, Уладзімір Саўчанка, Эдуард Горыд, юная скрыпачка Яна Навіцкая і вядучыя Ірына Бусловіч і Святлана Чарняк.

Фільмаскопы, якія звычайна захоўваюцца ў фондах музея, у гэту ноч ажылі і сталі адкрыццём для сучасных дзяцей — яны з цікавасцю разглядалі апараты і невялікія пушачкі з плёнкай. А дарослых удзельнікаў свята гудзеннне дыяпраектара і прагляд мультфільма ненадоўга вярнулі ў шчаслівае і бесклапотнае дзяцінства.

Выстаўка з фондаў музея “Без тэрміна даўніны” ў чарговы раз звярнула ўвагу на падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Калючы дрот раздяліў нас – гледачоў – і тых, хто назаўжды застаўся на фотаздымках той вайны. Яны глядзяць на нас з маўклівым дакорам, і толькі з лістоў, размешчаных на калючым дроце, мы даведваемся, што хвалявала іх тое ж, што і нас: яны клапаціліся аб сваіх блізкіх і хацелі проста жыць, кахаць, гадаваць дзяцей і радавацца кожнаму новаму дню без вайны. Работнік музея Раман Селістроўскі выдатна справіўся з роллю байца-чырвонаармейца, маўкліва засяродзіўшыся на сваіх невясёлых думках.

Вытанчаная графіня Аляксандра Адамаўна Чапская (Анастасія Навіцкая) запрасіла прысутных у свой палац у Навасёлках, расказала пра яго трагічную гісторыю, а таксама пра бацьку, Адама Чапскага, і яго захапленні. Аляксандра Чапская не толькі сама выдатна валодала таемнымі знакамі веера, але і з лёгкасцю навучыла карыстацца імі прысутных жанчын. Разам з графіняй удзельнікі свята пагулялі ў фанты, атрымаўшы ў якасці ўзнагароды за смеласць і кемлівасць салодкія прызы.

Жонка яўрэя-аптэкара (Таццяна Кіркоўская) расказала прысутным пра некаторыя старадаўнія рэцэпты лячэння хвароб, пра першую аптэку ў Ашмянах, адкрытую ў 1884 годзе, пазнаёміла з рэдкім выданнем кнігі “Фармакапея”, выдадзенай у 1866 годзе ў Пецярбурзе. Цікавасць у гледачоў выклікалі рознакаляровыя слоічкі і бутэлечкі з дзіўнымі назвамі на лацінскай мове, рэцэпты лячэння знаёмых і сёння хвароб. Гэта зблізіла ашмянцаў, якія жылі ў пачатку XX стагоддзя, і нас – сённяшніх жыхароў: мы, так як і нашыя продкі, хварэем на тыя ж хваробы і хвалюемся за сваё здароўе.

Зацікавіў прысутных майстар-клас ганчара Мар’яна Козара. На вачах гледачоў пад яго рукамі з кавалка гліны з’явіўся сапраўдны гарлачык для малака. Мар’ян з задавальненнем расказваў пра сваё майстэрства і дзяліўся яго таямніцамі. Сярод прысутных знайшліся нават тыя, хто сам паспрабаваў на некалькі хвілін стаць майстрам ганчарнай справы.

Супрацоўнікі музея чакалі гасцей, рыхтавалі імпрэзы і гатовы былі падзяліцца з прысутнымі сваімі ведамі, радасцю музейнай ночы і прафесійнага свята. Вокны ўстановы ўрачыста свяціліся да позняй ночы.

Ірына БРАЗОЎСКАЯ.

Фота аўтара.

Крыніца

Поделиться...
Share on Facebook
Facebook
Pin on Pinterest
Pinterest
Tweet about this on Twitter
Twitter
Share on LinkedIn
Linkedin

Добавить комментарий