Ашмяншчына далучылася да абласнога праекта «Ад даўніны да нашых дзён»

Новости

Тыдзень традыцыйнай культуры распачаў Ашмянскі раённы цэнтр культуры ўрачыстым адкрыццём, у якім прынялі ўдзел майстры і ўмельцы аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, фальклорна-інструментальны ансамбль аграгарадка Граўжышкі, бібліятэкары.

Тэматычны культурны дзень для жыхароў горада і гасцей быў насычаны і цікавы. На выставе работ майстроў і ўмельцаў Ашмяншчыны — вырабы для душы. Прысутныя мелі магчымасць на майстар-класах пазнаёміцца з ткацтвам паясоў на дошчачках, саломапляценнем, стварэннем “Лялькі-мотанкі”, валяннем з воўны, лепкай з гліны.

Музычныя творы, у тым ліку і старадаўняй музыкі,разам з традыцыйнымі беларускімі гульнямі натхнялі і выканаўцаў, і ўдзельнікаў мерапрыемства на добры настрой і станоўчыя эмоцыі. Бібліятэкары запрасілі ўдзельнікаў ў біблія-кафэ, прысвечанае традыцыйнай культуры Беларусі.

Эстафету народнай творчасці падхапіў аддзел культуры і вольнага часу аграгарадка Кракоўка. У аўторак віталі гасцей і наведвальнікаў Дома культуры народны ансамбль народнай песні “Жытніца” і мясцовая бібліятэка. У этнагасцёўні “З народнымі традыцыямі ў новы век” — бібліятэчная выстава, вышыванкі і вырабы мясцовых умельцаў.  Пазнавальнай і змястоўнай атрымалася  рэканструкцыя элемента вясельнага абраду “Дарэнне”, а канцэртная праграма ансамбля “Жытніца”, пабудаваная на выкананні вясельных песень, дапоўніла каларыт народнага абрада.

У фальклорным квэсце “Камень лёсу” на тэрыторыі валуна “Нявесцін камень” у сераду прынялі ўдзел не толькі жыхары аграгарадка Навасёлкі, але і гараджане, жыхары навакольных вёсак. Камень-цудатворца вабіць сваёй таямнічасцю і загадкавасцю. На аснове мясцовых легендаў і паданняў была пабудавана анімацыйная пастаноўка. Наведвальнікаў праграмы закружылі майстар-класы па народных танцах. Жарты, гульні, спевы не змаўкалі на працягу некалькіх гадзін. Арганізатары мерапрыемства запрасілі на дэгустацыю верасковага мёду з травяной гарбатай.

Як падкрэслілі арганізатары, кожны культурны тэматычны дзень стане адметным. У чацвер запланаваны фальклорныя сустрэчы і майстар-классы ў вёсцы Гродзі, ў пятніцу на дзень адкрытых дзвярэй і батлейку запрашае аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры горада Ашмяны, а краязнаўчы музей імя Ф. Багушэвіча чакае наведвальнікаў на выставе “Быт і рамёствы нышых продкаў”. У суботу запрашае “Гальшанскі замак”. На пляцоўцы побытавых танцаў “Млын” чакаюць аматараў беларускіх народных танцаў. Завершыцца тыдзень традыцыйнай культуры ў нядзелю ў Гродзях народна-абрадавым святам “Сёмуха” і канцэртнай праграмай творчых калектываў раёна.

Ганна ДАВІДОВІЧ.

Фота Марты БАГДАНОВІЧ.

Поделиться...
Share on Facebook
Facebook
Pin on Pinterest
Pinterest
Tweet about this on Twitter
Twitter
Share on LinkedIn
Linkedin

Добавить комментарий