На гэтым тыдні стартавала Масленіца — час бліноў, весялосці і традыцыйных абрадаў. У розных рэгіёнах масленічны тыдзень святкуюць па-рознаму. Так, на Ашмяншчыне сёлета маладому хлопцу да нагі будуць прывязваць калодку… Не спяшайцеся палохацца: абыдзецца без ахвяр. Гэта ўсяго толькі частка абраду “Загаўліны”, які правядуць у аграгарадку Кальчуны.
— Праваслаўныя вернікі гуляюць Масленіцу тыдзень, а ў каталікоў «Загаўліны» — гэта якраз вечар перад велікодным пастом. Здаўна вяскоўцы збіраліся ў адной хаце, прыносілі з сабой пачастункі. Трэба было сем разоў паесці, каб сем тыдняў пасціцца. Але ўся ўвага прыкавана да маладога нежанатага хлопца, якому да нагі прывязваюць калодку. А прывязвае яе незамужняя дзяўчына. Каб пазбавіцца ад «нязручнасці», халасцяку трэба адкупіцца — песняй, танцам або грашыма. Людзі верылі, што пасля такога абраду маладыя ажэняцца.
Акрамя таго, у Кальчунах станчаць мясцовы брэндавы танец «Млын», а поўначы накрыюць стол «кажухом», каб увесь год у вяскоўцаў быў дастатак.
Калі: 4 сакавіка, 18.00
Дзе: аг. Кальчуны, філіял «Сельскі клуб аг. Кальчуны»
Геаграфічныя каардынаты (Яндэкс карты): 54.388599, 25.868388
Тэлефоны: 8 (01593) 72503, 8 029 316-05-10
Дадатковая інфармацыя: адлегласць ад Ашмянаў да аг. Кальчуны ~ 5 км.
#событийныйтуризм #ошмянскийрайон #ашмянскіраён