Па рашэнні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый 11 красавіка ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Ён усталяваны ў памяць аб інтэрнацыянальным паўстанні ў Бухенвальдзе.

Менавіта ў гэты дзень у 1945 годзе вязні Бухенвальда на чале з інтэрнацыянальным палітычным цэнтрам узнялі ўзброенае паўстанне, у выніку якога захапілі лагер і ўтрымлівалі яго да прыходу саюзных войскаў.
У 1958 годзе тут быў адкрыты комплекс збудаванняў, прысвечаны героям і ахвярам Бухенвальда. У красавіку 1945 года былі вызваленыя таксама вязні Заксенхаўзена, Дахау і Равенсбрука. Асвенцым, Майданэк, Трэблінка, Бухенвальд і шмат іншых месцаў на карце Еўропы былі пераўтвораны ў гады Другой сусветнай вайны ў жорны смерці, прылады масавага фізічнага знішчэння людзей, лабараторыі для правядзення медыцынскіх і іншых эксперыментаў.
Не меншай жорсткасцю адрозніваліся канцэнтрацыйныя лагеры, створаныя фашыстамі на тэрыторыі Беларусі, якіх налічвалася больш за 500. Найбольш буйныя з іх знаходзіліся ў Мінску — у раёне Нямігі і Трасцянцы, а таксама ў Азарычах, Гомелі, Полацку і Бабруйску. У іх былі знішчаны каля 3 млн мірных жыхароў.
Штогод па ўсёй Беларусі 11 красавіка праходзяць мітынгі, прысвечаныя Міжнароднаму дню вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Да памятных знакаў па ўсёй рэспубліцы нясуць вянкі і кветкі былыя вязні канцлагераў, прадстаўнікі абласной і мясцовай улады, грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў, студэнты і школьнікі. На месцах лагераў смерці па ўсёй краіне ў памяць аб загінуўшых у іх устаноўлены помнікі. Кожны лагер смерці ўвекавечаны ў мемарыяльным комплексе «Хатынь».
Фота Ашмянскага раённага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра.