Штогод 21 лютага амаль два мільёны чалавек адзначаюць сваё прафесійнае свята – Сусветны дзень экскурсавода. Святкуюць яго з 1990 года.
Калі з’явіліся першыя экскурсаводы, дакладна невядома, але, мяркуем, што гэта звязана з развіццём міжнародных адносін. Як толькі людзі пачалі актыўна падарожнічаць, спатрэбіліся тыя, хто ведае гісторыю мясцінаў.
Яшчэ колькі дзесяткаў год таму экскурсаводам мог быць любы адукаваны чалавек, знаемы з гісторыяй. Часцей, гэта былі настаўнікі, студэнты і інш.
Але ў 70-х гг. XX ст. патрабаванні да прафесіяналізму экскурсаводаў павысіліся і спецыялістамі сталі называць выключна людзей, якія прайшлі пэўную падрыхтоўку. Ёсць яшчэ дзве абавязковых умовы – веданне асноў псіхалогіі і правільная мова.
Сёння экскурсавод – гэта прафессія, якую можна набыць у навучальных установах па спецыяльнасцях “турызм”, “экскурсазнаўства і музеезнаўства” і інш.
У Ашмянскім раёне ёсць 5 экскурсаводаў, атэставаных Нацыянальным агенцтвам па турызму. Набыць экскурсію па гораду і раёну можна ў дзяржаўнай установе культуры “Ашмянскі краязнаўчы музей імя Ф.К. Багушэвіча” і філіале “Гальшанскі замак”.