У другі раз у Барунах 29 чэрвеня пройдзе фэст «Цудадзейная крыніца» у гонар святых апосталаў Пятра і Паўла. У гэтым годзе ён прымеркаваны яшчэ і да 330-годдзя мясцовага Касцёла, які унікальны сваёй крыніцай з “жывой” вадой, якая б’е прама пад яго сценамі ў падземнай капліцы.
Адкрые святкаванне тэатралізаваны пралог «З стагоддзя ў стагоддзе», які пазнаёміць гасцей свята з новымі фактамі ўзнікнення крыніцы і яе цудатворнай сіле. У летапісе храма ёсць мноства пацверджанняў яе гаючых уласцівасцяў. Арганізатары рыхтуюць і мноства забавак, як для дарослай, так і дзіцячай аўдыторыі. Фальклорная музыка шматлікіх артыстаў зробіць свята цікавым і запамінальным. Тэрыторыя ля Касцёла набудзе выгляд базарнай плошчы, дзе кожны зможа выбраць сабе на памяць сувенір. Бліжэй да 14 гадзін Баруны напоўняцца галасамі пілігрымаў. Працягнецца фэст святой літургіяй.