РЭГІЯНАЛЬНЫ ФЕСТЫВАЛЬ “ГАЛЬШАНСКІ ЗАМАК”
Дата: 22 мая 2021 г. (праводзіцца штогод)
Месца правядзення: аг. Гальшаны
Традыцыйна ў маі месяцы ля сцен былога замка Сапегаў, у аграгарадку Гальшаны Ашмянскага раёна, чакае ўдзельнікаў і гасцей з усёй Беларусі і замежжа штогадовы рэгіянальны фестываль “Гальшанскі замак”. Поўны міфаў і легенд замак роду Сапегаў не пакіне абыякавымі гледачоў і прыхільнікаў сярэднявечнай культуры, аматараў рыцарскіх турніраў і народных рамёстваў, знатакоў добрай аўтэнтычнай музыкі і тэатральнага мастацтва. Гасцей фестывалю чакае насычаная і разнастайная праграма: конныя турніры, турніры лучнікаў, майстар-класы па хаджэнні на хадулях і сярэднявечных танцах, прадстаўленні вулічнага тэатра і коннаспартыўных клубаў, канцэртныя выступленні гуртоў сярэднявечнай музыкі і многае іншае. На пляцоўках ля сцен замка збяруць сваіх прыхільнікаў турніры рыцараў – адно з самых займальных відовішчаў свята. Тут можна будзе пастраляць з лука, пазмагацца на мячах, пакатацца на кані. Гасцям на працягу свята будуць прапанаваны майстар-класы па ганчарнай справе, кавальскім рамястве, фехтаванні. Цудоўным падарункам для дзяцей стане гульнёвая пляцоўка са шматлікімі атракцыёнамі і забавамі.
Кантактная інфармацыя: +375 1593 45368, ДУК “Ашмянскі раённы цэнтр культуры”, e-mail: rdk89@tut.by
СВЯТА КВЕТАК “КВЕТКАВАЯ ФЕЕРЫЯ”
Дата: 19 чэрвеня 2021 г. (праводзіцца штогод)
Месца правядзення: аг. Кракоўка
Галоўнаму ўпрыгожванню лета – кветкам – будзе прысвечана свята “Кветкавая феерыя”, якое праводзіцца ў аг. Кракоўка з мэтай адраджэння і развіцця культуры кветкаводства і ландшафтнага дызайну сельскіх тэрыторый. Аграгарадок невыпадкова выбраны месцам правядзення кветкавага свята – у 80-я гады цяплічная гаспадарка ў вёсцы Кракоўка была адзіным месцам у Ашмянскім раёне, дзе можна было набыць жывыя кветкі. Падчас свята можна будзе набыць сувеніры, кветкавыя вырабы народных майстроў, папкорн, салодкую вату. Усе, хто жадае, змогуць запазычыць новыя ідэі ў афармленні прысядзібных участкаў, наведаць відэасалон “Кветкавы рай у двары”. Гасцей мерапрыемства чакаюць яркія і вытанчаныя кампазіцыі з кветак, ягад і нават гародніны. Тэатралізаваныя персанажы распавядуць таямніцы кветкаводства, для аматараў незвычайных кветак пройдзе майстар-клас па пляценні з пацерак. У рамках свята адбудзецца інтэрнэт-конкурс “Партрэт у колерах”. Завершыць мерапрыемства “карагод сяброўства”. Вас чакаюць яркія фарбы, тонкі летні водар і проста добры адпачынак для ўсёй сям’і.
Кантактная інфармацыя: +375 1593 74070, аддзел культуры і вольнага часу аг. Кракоўка, e-mail: hjpfzwerjdbx@mail.ru
СВЯТА “СТАЛЬНАЯ МАГІСТРАЛЬ”, ПРЫСВЕЧАНАЕ ДНЮ ЧЫГУНАЧНІКА
Дата: 1 жніўня 2021 г. (праводзіцца штогод)
Месца правядзення: аг. Станцыя Ашмяны
1 жніўня аграгарадок Станцыя Ашмяны запрашае ўсіх заняць месцы ва ўнікальным “Цягніку прыгод” і весела пракаціцца па адзіным у сваім родзе брэндавым мерапрыемстве, прысвечаным чыгунцы, свяце “Стальная магістраль”. Усіх аматараў весела, разнастайна і з карысцю павандраваць чакае ў сябе ў гасцях “Інтэлектуальны вагон”, дзе можна будзе пазнаёміцца з гісторыяй паходжання і развіцця чыгуначнага руху раёна; “Вагон добрага густу” з разнастайнай святочнай праграмай “Па рэйках да добрага настрою” для пасажыраў імправізаванага экспрэса, дзе будуць ушаноўваць і тых, ад каго залежыць камфорт, бяспека і добры настрой у дарозе. Акрамя гэтага ўсіх жадаючых запросяць да сябе ў госці “Вагон забаў” са шматлікімі атракцыёнамі і тэматычным цірам, “Вагон-выстаўка” ўнікальных работ мясцовых народных майстроў, “Дзіцячы вагон-рэстаран” з разнастайнымі смачнасцямі і запальнай гульнёвай праграмай ад вясёлай правадніцы. Завяршальным акордам свята стане танцавальна-забаўляльная праграма пад зорным небам “Вясёлага шляху!”
Кантактная інфармацыя: +375 1593 71089, сельскі клуб аг. Станцыя Ашмяны, e-mail: tanya.reut2017@yandex.ru
ТЭАТРАЛІЗАВАНАЕ СВЯТА “ГРАЎЖЫШКОЎСКІ МЯДОВЫ КІРМАШ”
Дата: 15 жніўня 2021 г. (праводзіцца штогод)
Месца правядзення: аг. Граўжышкі
Самае салодкае і духмянае свята лета традыцыйна праходзіць на граўжышкоўскай зямлі, якая акружаная выдатнымі кветкавымі лугамі і зялёным лесам. Прырода гэтай мясцовасці ўнікальная тым, што галоўнай царыцай лесу тут з’яўляецца ліпа. Менавіта з гэтай прычыны Граўжышкі славяцца сваімі пчалярамі, а значыць і асабліва каштоўным і карысным мёдам. У гэтым годзе праграма свята абяцае быць насычанай і разнастайнай! Гасцей чакаюць: тэатралізаванае прадстаўленне «Слава, слава пчалярам!», канцэрты лепшых творчых калектываў і выканаўцаў раёна; гандлёвыя рады ад мясцовых і прыезджых пчаляроў з выстаўкай-продажам мёду і прадуктаў пчалярства; пчаліныя старты; дэгустацыя страў мядовай кулінарыі і “разыначка” свята – вясёлы смачны конкурс «Мядовых блінаедаў»; тэматычныя гульнёвыя праграмы і конкурс па пляценні вянкоў з кветак-меданосаў; дзіцячая гульнёвая пляцоўка «Я – вясёлая пчала». Свята дасць магчымасць атрымаць … нават мядовую адукацыю – на кансультацыях аб разнавіднасцях мёду, яго гаючых уласцівасцях, асаблівасцях яго збору і майстар-класе па вырабе вулляў!
Кантактная інфармацыя: +375 1593 31446, аддзел культуры і вольнага часу аг. Граўжышкі ДУК «Ашмянскі раённы цэнтр культуры»
СВЯТА СЫРУ “ВЯСКОВЫ СЫРАВАР”
Дата: 21 жніўня 2021 г. (праводзіцца штогод)
Месца правядзення: аг. Жупраны
Мясцовыя жупранскія кулінары спрадвеку славяцца сваім майстэрствам сыраробства, толькі адзін раз у год – у свята сыру – яны гатовыя падзяліцца з гасцямі традыцыйнымі рэцэптамі прыгатавання самых разнастайных натуральных сыроў: цвёрдых і мяккіх, салодкіх і салёных, плаўленых і тварожных, сулугуні і брынзы, сырніцы і сырных аладак, з рознымі заправамі і напаўняльнікамі. “Разыначка” сырнага свята – кірмаш-продаж прадукцыі з яе шчодрай дэгустацыяй. Акрамя таго любы жадаючы зможа пазнаёміцца з працэсам сыраварання на майстар-класе ад мясцовых сыраробаў. Гасцей мерапрыемства чакае запальны канцэрт, сырнае казіно, тэматычныя гульнёвыя праграмы, катанне на конях, а таксама мноства іншых прыемных сюрпрызаў.
Кантактная інфармацыя: +375 1593 76386, аддзел культуры і вольнага часу аг. Жупраны ДУК «Ашмянскі раённы цэнтр культуры»
НАРОДНАЕ ГУЛЯННЕ “ЯБЛЫЧНЫ ФЭСТ”
Дата: 19 верасня 2021 г.
Месца правядзення: аг. Навасёлкі
Аграгарадок Навасёлкі запрашае ўсіх жадаючых на народнае гулянне “Яблычны фэст”
У праграме свята – частаванне духмянымі яблычнымі пірагамі, вясёлыя “яблычныя” спаборніцтвы, займальныя майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, а таксама разнастайныя гульні, конкурсы, песні і танцы. Садоўнікі-аматары змогуць знайсці на кірмашы разнастайныя саджанцы ўсемагчымых сартоў яблынь. “Яблычны” дзень падорыць дзецям і дарослым шмат яркіх уражанняў і прыемных успамінаў.
Кантактная інфармацыя: +375 1593 70559, аддзел культуры і вольнага часу аг. Навасёлкі, e-mail: rnmcnt@bk.ru
ТЭАТРАЛІЗАВАНАЕ СВЯТА “ГАЛЬШАНСКІ КІРМАШ”
Дата: 26 верасня 2021 г. (праводзіцца штогод)
Месца правядзення: аг. Гальшаны
Гальшаны – адно з самых цікавых і насычаных гістарычнымі падзеямі мястэчак Беларусі. Урадлівыя землі Гальшаншчыны часта адорвалі людзей працы слаўным ураджаем, пасля ўборкі якога земляробы ладзілі на скрыжаванні дзвюх буйных вуліц кірмаш, што заўсёды славіўся бойкім гандлем і вясёлымі забавамі. З усіх ваколіц спяшаюцца і ў нашы дні на свята “купцы” з разнастайным прадуктам, каб уразіць пакупнікоў і аматараў торгу () з усіх ваколіц. 26 верасня вясёлыя ўдалыя хлопцы скамарохі паклічуць народ на тэатралізаванае прадстаўленне “На кiрмаш”, якое пройдзе на плошчы каля аддзела культуры і вольнага часу аг. Гальшаны, каб парадаваць эстэтычны густ дасведчанага гледача. Выстаўкі-продажы і майстар-класы ад народных майстроў і рамеснікаў, турніры асілкаў, разнастайныя народныя гульні і атракцыёны, вясёлыя старадаўнія народныя конкурсы, канцэртныя праграмы – і гэта ўсяго толькі нешматлікія асаблівасці традыцыйнага Гальшанскага кірмашу, які чакае свайго наведвальніка сёлета!
Кантактная інфармацыя: +375 1593 75993, аддзел культуры і вольнага часу аг. Гальшаны; sdkgolchanskiy@tut.by
Фота Сяргея НІКАНОВІЧА