Багатая на таленты наша беларуская зямля. Шмат таленавітых людзей ёсць і на Ашмяншчыне. Тут амаль у кожнай вёсачцы жылі і жывуць сапраўдныя майстры, чыя залатыя рукі ператвараюць ніткі ў сапраўдныя шэдэўры. Адным з найбольш старажытных заняткаў беларусаў з’яўляецца ткацтва. Нездарма яго называлі жывой гісторыяй, мовай мастацтва. На працягу стагоддзяў на тканых палотнах жанчыны захоўвалі і перадавалі сімвалы, колеры – традыцыі свайго роду. А ткацкі станок быў неад’емнай часткай хатняга інтэр’еру. Пад мерны стук ткацкай прылады нараджаліся дываны, посцілкі, ручнікі – усе тыя рэчы, якія стваралі асаблівую атмасферу беларускай хаты. Кожны выраб быў унікальным, меў свой сакрэт: геаметрычныя ўзоры маглі расказаць пра багацце і радасць, раслінныя арнаменты – пра жаданне ўрадлівасці, а кампазіцыя цалкам – пра светапогляд і эстэтычны ідэал ткаллі.
Сёння дакрануцца да гэтай жывой гісторыі і пазнаёміцца з сучаснымі носьбітамі ткацкіх традыцый можна на выставе “Саматканы цуд”, якая працуе ў сельскім клубе-бібліятэцы вёскі Міхайлоўшчына. Сэрцам экспазіцыі сталі працы дзвюх выбітных жанчын – Тарэсы Якаўлеўны Нелюбовіч і яе дачкі Яніны. Іх працы вяртаюць да вытокаў, дапамагаюць вярнуцца ў дзяцінства, адчуць сувязь з каранямі.
Выстава “Саматканы цуд”, якая дзейнічае з 23 студзеня па 15 лютага, — гэта выдатная магчымасць не толькі ўбачыць прыгажосць ручной працы, але і зразумець важнасць ткацтва для захавання культурнай спадчыны.
Адрас: 231121, Ашмянскі раён, в. Міхайлоўшчына, вул. Маладзёжная, 27
Телефон: 8(01593)74817
Географические координаты: 54.187766,26.010992





