Верасень у Беларусі аб’яўлены месяцам экалагічнага турызму. Найбольш папулярны ён ў замежных наведвальнікаў. Экалагічны турызм у нашай краіне мае шэраг асаблівасцей. Тут ёсць балотныя маршруты, экалагічныя сцежкі і шмат іншага. Нямала цікавых мясцін і на Ашмяншчыне, якая валодае разнастайнасцю прыродных ландшафтаў, экасістэм.
Адпачываць людзі любяць па-рознаму: адны ляцяць у паўднёвыя краіны да мора, іншыя наведваюць гарналыжныя курорты, трэцім па душы яднанне з прыродай… І апошніх з кожным годам становіцца ўсё больш. Экалагічны турызм разглядаецца як форма вольнага часу ў натуральным асяроддзі. Ён даступны практычна ўсім узроставым групам турыстаў. Гэта магутны адукацыйны інструмент, які не толькі нясе інфармацыю аб аб’ектах экалагічнага турызму ў краіне і за яе межамі, але і дапамагае ўсвядоміць каштоўнасці прыроднай спадчыны, дае магчымасць пазнаёміцца з некранутымі прыроднымі багаццямі. У якасці перамяшчэння выкарыстоўваюцца экалагічныя віды транспарту (веласіпеды, лодкі), а таксама хадзьба пешшу.
У Ашмянскім раёне ёсць 30 геалагічных помнікаў прыроды: 5 помнікаў прыроды рэспубліканскага значэння — валун «Вялікі камень», «Смалянкаўскі вялікі камень», валун «Нявестін камень», «Жвірблішкінскі валун», «Студзенецкі валун» і 25 помнікаў мясцовага значэння: «Агародніцкі вялікі камень», «Вашчынікінскі валун». «Галагурскі валун», «Шапавалаўскі валун», «Цюпішкінская гара», «Плебанская даліна», «Гара Пелікан» і інш.
На тэрыторыі раёна размешчаны 2 заказнікі мясцовага значэння: ландшафтны заказнік «Клява» і «Мікулішкі».
На тэрыторыі раёна ёсць 13 відаў раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, і 2 віды жывёл: барсук і чорны бусел.
На Ашмяншчыне зарэгістравана 12 аграсядзіб. Адпачынак у сельскай мясцовасці становіцца ўсё больш папулярным. Каб прывабіць наведвальнікаў, гаспадары кожнай такой сядзібы прыдумляюць розныя цікавыя сюпрызы для наведвальнікаў. Многія прапануюць азнаёміцца з прыроднымі, сельскагаспадарчымі і архітэктурнымі аб’ектамі раёна.
http://oshmturizm.by/wp-content/uploads/2020/10/Zakazniki-i-pamjatniki-prirody-raspolozhennye-na-territorii-Oshmjanskogo-rajona.pdf




