На парозе Дзяды: прыкметы і традыцыі старадаўняга свята

Новости

Сёння беларускія каталікі адзначаюць восеньскія Дзяды — дзень памяці памерлых продкаў. Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра карані свята і вучыць гатаваць адмысловыя стравы да святочнага стала.

Кажуць, што душы памерлых падымаюцца на неба па «гусінай дарозе». Гусі адлятаюць у цеплыя краіны восенню, і на гэтыя ж дні прыходзяцца Дзяды — старадаўняе беларускае свята.

Дзяды — свята беларускага народнага календара, звязанае з ушанаваннем продкаў («дзядоў») — не толькі памерлых бацькоў, але і ўсіх родзічаў.

Нашы продкі верылі, што памерлы ператвараецца ў духа-продка, якога блізкія яму людзі імкнуліся задобрыць, таму што лічылі яго магутным, здольным уплываць на жывых. Адсюль такое трапяткое стаўленне да памінальных дзён. Дарэчы, у славянскай міфалогіі дзядамі называюць не толькі продкаў, але і іх душы.

На працягу года свята Дзяды адзначаюць некалькі разоў на год: перад масленічным тыднем, на Радаўніцу, перад Троіцай, перад святам Пятра і на восеньскія Дзяды. Апошнія (Змітраўскія, Вялікія, Асяніны, Тоўстая вячэра, Хаўтуры) — самыя галоўныя. Яны адзначаюцца ў лістападзе, але ў розных рэгіёнах у розныя дні. Звычайна ў народзе казалі не «адзначыць» або «святкаваць Дзяды», а «Дзяды дзедаваць».
Беларускі архіолаг Людзміла Дучыц лічыць, што рытуал Дзяды ў найбольш архаічнай форме захаваўся толькі ў беларусаў.

На «Дзяды» ў цэнтры абраду — вячэра ў памяць памерлых сваякоў.

Тоўстая вячэра

Напярэдадні свята гаспадыні звычайна прыбіралі хату і гаспадарчыя пабудовы. Затым, непасрэдна ў святочны дзень, хатнія мыліся ў лазні, пакідаючы крыху вады і венік для «дзядоў». Не шкадуючы прыпасаў, гатавлі смачныя стравы і пітво для ўрачыстай вячэры. Менавіта таму пра багаты, шчодры стол, застаўлены стравамі, заўсёды казалі: «яды, як на Дзяды», «на стале, як на Дзяды», «наесціся, як на Дзяды». Пачастункі рабілі для таго, каб задаволіць душы продкаў, якія нябачна бы прысутнічаюць на агульным застоллі.

За святочным сталом збіралася ўся сям»я
Вера ў тое, што продкі прыходзяць у госці да жывых, існуе па сёння. Існуе перакананне, што калі падчас вячэры са стала скідаецца які-небудзь прадмет, сталовыя прыборы і ежа, то іх не падымаюць да раніцы. Асаблівай прыкметай прысутнасці душаў продкаў лічыцца наяўнасць насякомых вакол стала: іх ні ў якім разе нельга зганяць з ежы — гэта дзяды вячэраюць.

Стол на Дзяды быў багаты на стравы і прысмакі
Вакол святочнага стала збіралася ўся сям’я. Гаспадар, які кіраваў абрадам, пасля малітвы паіменна звяртаўся да ўсіх памерлых продкаў, запрашаючы іх прыняць удзел у агульнай вячэры: «Святыя Дзяды, просім за пачэсны стол», або «Дзяды-радзіцелі, хадзіце да нас». Пры гэтым на кароткі час адчынялі дзверы і вокны, а ўюшку ў печы ўвогуле не зачынялі ўсю ноч, паколькі лічылася, што менавіта гэтым шляхам душы продкаў да раніцы пакінуць хату.

На стол ставілі так званую Дзедаўскую чарку і Дзедаўскую міску, куды кожны з прысутных адліваў напоі і адкладаў ежу.

У розных мясцінах на стол ставілі розную колькасць страў, дзе цотную, дзе няцотную (сем, адзінаццаць, дванаццаць). Але, нягледзячы на такую колькасць страў, у некаторых вёсках дазвалялася з’есці толькі тры стравы і выпіць тры чаркі. У ліку асноўных страў заўсёды былі бліны, клёцкі «з душамі», кісель, гарох з макавым малаком, крупнік з грыбамі або рыбай, верашчака з каўбасой і іншыя.

Каб дзяды жыццю спрыялі
У час урачыстай святочнай вячэры дазвалялася гаварыць толькі пра дзядоў — пра іх жыццё, асобныя жыццёвыя эпізоды і рысы характару, узгадваліся іх словы і настаўленні, мудрыя парады і добрыя ўчынкі.

На Дзяды дазвалялася спяваць і танчыць
Святочны вечар быў напоўнены добрым настроем і таямніцай. Дазвалялася спяваць, граць на музычных інструментах, скакаць, пераапранацца ў касцюмы з маскамі. Так паводзілі сябе таму, што продкаў трэба было не толькі добра пачаставаць, але і павесяліць. Лічылася, што тады яны будуць спрыяць у жыццёвых справах сям’і.
Пасля вячэры гаспадар казаў: «Святыя дзяды, вы сюды прыляцелі, пілі, елі, ляціце ж цяпер да сябе!»

У многіх мясцінах па Беларусі, на стале і зараз пакідаюць рэшткі страў, бо лічыцца, што душы продкаў будуць частавацца яшчэ да раніцы.

Поделиться...
Share on Facebook
Facebook
Pin on Pinterest
Pinterest
Tweet about this on Twitter
Twitter
Share on LinkedIn
Linkedin

Добавить комментарий