Геаграфічныя каардынаты : 54°17′30″ 26°02′43″
Калі тры першыя аб’екты добра вядомыя беларусам, то апошні помнік шырокай грамадскасці амаль невядомы. Між тым, гэты геадэзічны помнік сусветнага значэння праходзіць праз 10 краін Еўропы, перасякае Гродзеншчыну, прычым тры пункты знаходзіцца на Ашмяншчыне.
З 1816 па 1852 год пад кіраўніцтвам вядомага расійскага астранома Васіля Якаўлевіча Струвэ было праведзена маштабнае градуснае вымярэнне дугі мерыдыянаў працягласцю 25 градусаў 20 хвілін, або 2880 кіламетраў. На той час яно з’яўлялася самым буйным ў свеце даследаваннем формы і дакладных памераў Зямлі.
Дуга Струвэ пачынаецца з пункта Фугленес на беразе Ледавітага акіяна і доўжыцца да пункта Старая Някрасаўка ў вусці Дуная на беразе Чорнага мора. На гэтым прамежку былі закладзены 265 геадэзічных пунктаў, над якімі былі пабудаваны “сігналы” – трывалыя драўляныя вышкі для правядзення назіранняў. У сваю чаргу гэтыя пункты стварылі ланцуг з 258 сумежных трохвугольнікаў на мясцовасці. Вымераўшы вуглы ва ўсіх трохвугольніках і некалькі іх базісных старон, тагачасныя навукоўцы правялі разлікі усіх старон трохвугольнікаў і, такім чынам, вылічылі адлегласць паміж канечнымі пунктамі Дугі Струвэ.
На Беларусі ў першай палове 19 стагоддзя быў закладзены 31 геадэзічны пункт “Руска-Скандынаўскага” градуснага вымярэння. Пяць самых значных пунктаў з 2005 года прадстаўляюць Дугу Струвэ ў Беларусі. Самы “растыражыраваны” з іх – пункт Тупішкі, што знаходзіцца каля старажытных Гальшан.
Унікальная праца з дапамогай даволі прымітыўных тагачасных прыбораў мела высокую дакладнасць. Сучасныя кантрольныя вымярэнні з выкарыстаннем спадарожнікавых GPS-прыёмнікаў даюць разыходжанне ад вымераных ў 19 стагоддзі велічынь толькі каля 5 сантыметраў на адлегласці больш за 12 кіламетраў. З такой дакладнасцю маглі зрабіць разлікі толькі высокаадукаваныя і кваліфікаваныя спецыялісты, сярод якіх трэба адзначыць кіраўніка даследаванняў у Віленскай губерні палкоўніка, пазней – генерала Карла Тэнера і нашага земляка, знакамітага навукоўцу Іосіфа Ходзьку.
Праца акадэміка В.Я.Струвэ “Дуга меридиана в 25° 20’ между Дунаем и Ледовитым морем…” заклала падмурак сённяшніх ведаў аб Зямлі і Сусвету. Дуга Струвэ стала найважнейшым дасягненнем у развіцці сусветнай астраноміі, геадэзіі і геаграфіі.
Фотазамалёўкі ад Visit Oshmyany