Гальшанскі замак канца XVI — пачатку XVII стст. – унікальны помнік
архітэктуры, некалі найпрыгажэйшы замак Вялікага княства Літоўскага і
Рэчы Паспалітай. Пабудаваны ён быў Паўлам Стэфанам Сапегам —
падканцлерам ВКЛ, які выбітным ваенным і палітычным дзеячам свайго
часу.

Па сваёй кампазіцыі замак у Гальшанах нагадваў Мірскі, але быў
цалкам пазбаўлены суровасці апошняга. Прамавугольны ў плане двор (65,4 х
57,4 м) быў акружаны двухпавярховымі жылымі карпусамі і
трохпавярховымі шасціграннымі вежамі. У сярэдзіне паўночна-ўсходняга
корпуса знаходзілася ўязная брама, завершаная таксама шасціграннай вежай.
У замку, апроч жылля, знаходзіся гаспадарчыя памяшканні, парадныя
залы. Роспісы на сценах і столях, дэкор камінаў, маляўнічыя кафляныя печы,
вітражы на вокнах, дарагая мэбля стваралі ўрачыстае ўражанне пышнай
магнацкай рэзідэнцыі.
На працягу XVII — XVIII стст. замак неаднаразова быў пашкоджаны,
аднаўляўся, перабудоўваўся. Наймацнейшыя разбурэнні прынесла замку ХХ
стагоддзе, да нашага часу рэзідэнцыя Сапегаў дайшла толькі фрагментарна…
З 2011 г. пачынаюцца работы па расчыстцы замкавых пабудоў і двара,
кансервацыі і фрагментарнай рэстаўрацыі.

6 мая 2021 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё музейнай экспазіцыі
«Гальшанскі замак. Гісторыя і паданні», якая складаецца з 4-х раздзелаў:
1. «Легенды і паданні Гальшанскага замка» (падвал Паўночнай вежы);
2. «Гісторыя і архітэктура замка» (першы ярус);
3. «Быт уладальнікаў замка» (другі ярус);
4. «Сапегі — будаўнікі і ўладальнікі замка. Гальшанскі замак у
перспектыве часу» (трэці ярус і аглядная пляцоўка).
Тады ж распачаў працу філіял Ашмянскага краязнаўчага музея імя Ф.К.
Багушэвіча «Гальшанскі замак».
Сёння замак — месца актыўнага прыцягнення як жыхароў Беларусі, так і
турыстаў з многіх замежных краін. Наведвальнікам замка прапануецца:
аглядная экскурсія і шэраг тэматычных, квэст-гульні для дзяцей і дарослых,
тэатралізаваная гульнявая праграма «Соф’я запрашае». Традыцыйнымі сталі «Вечары ў Соф’і Гальшанскай».

2 жніўня 2025 г. у чарговы раз адбыўся рэгіянальны фестываль сярэднявечнай культуры «Гальшанскі замак».
У візіт-цэнтры замка наведвальнікам прапануецца разнастайная
сувенірная прадукцыя, у тым ліку вырабы мясцовых умельцаў, а таксама
кулінарны брэнд «Гальшанскі пернік», які выпякаецца па старажытным
сакрэтным рэцэпце.
Філіл «Гальшанскі замак» чакае Вас з аўторка па нядзелю (выхадны
панядзелак) — з 10.00 да 19.00 без абеда.
Адрас: Гродзенская вобл., Ашмянскі р-н, аг. Гальшаны, вул.
Замкавая, д. 64.
Тэлефоны для даведак: 80159323489; 80159376752; 80159376753.
Маб.: +375 29 1484376




Сябры, у вас ёсць магчымасць падтрымаць рамонтна-рэстаўрацыйныя работы на руінах былога замка Сапег і захаваць замак для нашчадкаў.
Банкаўскі рахунак для спонсарскай дапамогі:
Р/р BY30 AKBB 3642 5230 0256 9420 0000 ААТ «Беларусбанк»
БІК AKBBBY2X УНП 500057381
